Сафійскі сабор Полацка зноў запрашае на начную сустрэчу з класічнай музыкай
27 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Полацкі Сафійскі сабор зноў запрашае на сустрэчу з класічнай музыкай пад адкрытым небам. Канцэрт "Шэдэўры сусветнага мастацтва ля сцен старажытнай Сафіі" пройдзе ў Полацку 29 мая, расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў Сафійскім саборы - філіяле Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
У канцэрце, які пачнецца а 22-й гадзіне, возьмуць удзел салісты і аркестр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. У першым аддзяленні прагучаць папулярныя арыі з опер, а другое аддзяленне падорыць сустрэчу з аркестравой эстраднай і джазавай класікай.
Сцэна разгорнецца проста ля сцен старажытнага храма на высокім беразе Заходняй Дзвіны. Імправізаваная глядзельная зала пад адкрытым небам гатова змясціць больш за тысячу слухачоў. Па словах супрацоўнікаў музея, зыходзячы з прададзеных білетаў, канцэрт і ў гэты раз абяцае быць аншлагавым.
Канцэрт ля сцен Сафіі стане своеасаблівым пралогам да кульмінацыі ўрачыстасцей з нагоды 1147-годдзя Полацка, якое будзе адзначацца 30 мая.-0-