Спартсмен з Полацка стаў чэмпіёнам свету па акадэмічным веславанні

Полоцкий спортсмен стал чемпионом мира по академической гребле

Выхаванец абласнога Цэнтра алімпійскага рэзерву па веславанні ў Полацку Філіп Паўкоў стаў чэмпіёнам свету па акадэмічным веславанні сярод спартсменаў да 23 гадоў у балгарскім Пловдзіве.

Дырэктар цэнтра Ларыса Залатарова адзначае, што поспех Філіпа невыпадковы. У полачан слаўная гісторыя ў гэтым відзе спорту, добрыя традыцыі. Радасць перамогі хлопца падзяляе ўвесь моцны трэнерска-выкладчыцкі склад, які сфарміраваны з былых выхаванцаў. Толькі гэтым летам Ангеліна Дуліна і Паліна Скараходава перамагалі на Балтыйскіх юнацкіх гульнях у нямецкім Брандэнбургу, Анастасія Лаўрэнава была 4-й і 5-й на чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ сярод юніёраў і моладзі да 23 гадоў у партугальскім Монтэмор-у-Велью. Не давялося чырванець і за іншых выхаванцаў.

Што тычыцца непасрэдна Філіпа, то займацца акадэмічным веславаннем ён пачынаў у трэнера Вольгі Камінскай, ад якой хлопца затым прыняў яго цяперашні настаўнік Аляксей Рэзенкоў. (Аляксей Юр'евіч сам прайшоў полацкую спартыўную школу веславання, займаў 6-е месца на чэмпіянаце свету сярод юніёраў да 18 гадоў. З 2003 года паступова заняўся трэнерскай працай).

Прайшоўшы курс навучання ў Наваполацкім вучылішчы алімпійскага рэзерву, Філіп вярнуўся пад крыло цэнтра. Якіх толькі кампліментаў не сказала пра яго Ларыса Залатарова: ён і вельмі самастойны, і ўраўнаважаны, і мэтанакіраваны, і лідар у калектыве. А яшчэ — вельмі любіць справу, якой займаецца. І гэта галоўны залог поспеху!

Адразу пасля прыезду на радзіму давялося пагутарыць з чэмпіёнам і яго трэнерам, у якіх няма нават намёку на зорную хваробу. Аказваецца, перамога магла не адбыцца па пазаспартыўных абставінах. Справа ў тым, што аўстрыйская авіякампанія адмяніла рэйс, і давялося ўсімі праўдамі і няпраўдамі дабірацца да Вены, хоць у паветры вітала пытанне аб тым, каб наогул адмяніць удзел. На наступны дзень першая гонка, а квіткоў на самалёт да Балгарыі няма. Праявіўшы кемлівасць і веданне англійскай мовы, змаглі нарэшце адправіць Філіпа, а крыху пазней і трэнера да месца спаборніцтваў. Вось ужо сапраўды «праз церні да зорак»!

А далей без аднаўлення ад

«валідольнага» шляху чакаў сур'ёзны графік выступленняў: на працягу тыдня 4 заезды. У самай складанай і прэстыжнай веславальнай дысцыпліне — адзіночцы — у беларуса было 25 сапернікаў: аналізавалі з трэнерам, хто на што здольны. Пройдучы скрозь сіта адбору, пашчасціла трапіць у фінальную шасцёрку, якая і разыграла медалі ў гонцы на 2 кіламетры. Па ходзе спаборніцтваў здавалася, што шанцаў у Філіпа няшмат, бо яшчэ за 500 метраў да фінішу ён быў на перадапошнім, 5-м месцы. Аднак фінальны спрынт — і беларус практычна адначасова з прадстаўнікамі Сербіі і Польшчы перасек мяжу. Усё вырашыў фотафініш, які зафіксаваў, што наш зямляк на 0,13 і 0,21 секунды апярэдзіў сваіх канкурэнтаў. Радавацца сваёй першай перамозе на міжнародным узроўні пасля такой цяжкай гонкі сіл ужо не заставалася, як і палюбавацца прыгажосцямі Пловдзіва: толькі з трэнерам выкупаліся напрыканцы ў аквапарку.

Дарэчы, сваёй перамогай Філіп Паўкоў выканаў нарматыў на прысваенне звання майстра спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа. А Аляксей Рэзенкоў, які выгадаваў чэмпіёна і працу ў зборнай сумяшчае з дзейнасцю ў ЦАР, стане цяпер трэнерам вышэйшай катэгорыі.

Алесь Бынькоў, "Віцебскія весці".