Полацкі хлебазавод накіруе Br1,2 млрд. на будаўніцтва новай кацельні
9 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Полацкі хлебазавод прыступіў да рэалізацыі праекта па газіфікацыі прадпрыемства, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар хлебазавода Сяргей Лейчанка.
У адпаведнасці з праектам ужо пачаліся будаўнічыя работы па рэканструкцыі памяшкання пад новую кацельню, заказаны два аўтаматызаваныя катлы італьянскай вытворчасці, якія працуюць на газе. Іх пастаўка на прадпрыемства чакаецца ўжо ў ліпені. На працягу жніўня-верасня катлы плануецца ўсталяваць і правесці пусканаладачныя работы, каб цалкам увесці ў эксплуатацыю гэты аб'ект да пачатку ацяпляльнага сезона.
Газіфікацыя прадпрыемства дазволіць хлебазаводу эканоміць на энергетычных рэсурсах ад Br80 млн да Br100 млн штогод, а таксама рэалізаваць шэраг новых праектаў па далейшай мадэрнізацыі вытворчасці, накіраваных на пашырэнне асартыменту прадукцыі.
Важны для завода праект з'яўляецца значным і для горада, адзначыў кіраўнік, растлумачыўшы, што ў рамках яго рэалізацыі прадпрыемству трэба будзе пракласці 1,2 км газаправода ад магістральнай веткі да завода. Ён пройдзе па вуліцы Гагарына і ў далейшым дазволіць падключыць да газу каля 300 размешчаных тут дамоў.
Тэрмін акупнасці праекта - чатыры гады.
За студзень-май прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br5,5 млрд, або 119,5% да аналагічнага ўзроўню 2009 года. Рэнтабельнасць рэалізацыі за чатыры месяцы - 7,8%. Паказчык па энергазберажэнні - мінус 12,5%. Аб'ём укладзеных інвестыцый у асноўны капітал за студзень-май склаў каля Br300 млн. Усяго сёлета на гэтыя мэты плануецца накіраваць каля Br2 млрд.
Прадпрыемства заснавана ў 1933 годзе. З'яўляецца філіялам РУПП "Віцебскхлебпрам". Спецыялізуецца на вытворчасці хлебабулачных, сухарна-баранкавых, кандытарскіх вырабаў, а таксама соусаў і гарчыцы. Асартымент налічвае каля 70 найменняў. Штогод ён абнаўляецца ў сярэднім на 30%. Прадукцыя рэалізуецца на тэрыторыі Беларусі, невялікая доля пастаўляецца ў Расію. Колькасць працаўнікоў звыш 240 чалавек.-0-