Полацкі хлебазавод першым у Беларусі ўстанавіў лінію па вытворчасці экструзійных хлебцаў

12 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Полацкі хлебазавод першым у Беларусі ўстанавіў тэхналагічную лінію па выпуску экструзійных хлебцаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Сяргей Лейчанка. Кошт французскага абсталявання магутнасцю 100-140 кг прадукцыі ў гадзіну складае 1 млн. еўра. Першапачаткова прадпрыемства плануе выпускаць на ім 5-7 відаў новых вырабаў: пшанічныя, жытнія, пшанічна-жытнія хлебцы з шакаладнымі і фруктовымі начынкамі. Па меры асваення рынку асартымент плануецца пашыраць. Лінія ўстаноўлена ў рэканструяваным цэху хлебазавода. У цяперашні час тут завяршаюцца пусканаладачныя работы. Запуск новых магутнасцей намечаны на канец чэрвеня. Праект рэалізаваны ў рамках рэспубліканскай праграмы імпартазамяшчэння. За студзень-май хлебазавод выпусціў прадукцыі на Br4,4 млрд., што на 10,2% вышэй за ўзровень мінулага года. Рэнтабельнасць рэалізацыі складае 8,6%. Паказчык па энергазберажэнні за гэты перыяд пры заданні мінус 14% склаў мінус 18,4%. Аб'ём інвестыцый у развіццё вытворчасці на бягучы год запланаваны ў суме Br4 млрд. Асноўная частка гэтых сродкаў будзе накіравана на завяршэнне новага праекта па ўстаноўцы экструзійнай лініі. У прыватнасці, яшчэ працягваецца рэканструкцыя цэха, у якім яна ўстаноўлена, трэба газіфікаваць кацельню, выканаць іншыя работы, удакладніў кіраўнік. Прадпрыемства заснавана ў 1933 годзе. З'яўляецца філіялам РУВП "Віцебскхлебпрам". Спецыялізуецца на вытворчасці хлебабулачных, сухарна-баранкавых, кандытарскіх вырабаў, а таксама соусаў і гарчыцы. Асартымент налічвае каля 70 найменняў. Прадукцыя рэалізуецца на тэрыторыі Беларусі, незначная доля пастаўляецца ў Расію. Колькасць працаўнікоў звыш 240 чалавек. За паспяховую працу прадпрыемства занесена на рэспубліканскую і абласную Дошкі гонару.-0-