Полацкі хлебазавод амаль у 2 разы павялічыў выпуск экструзійных хлебцаў

24 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Полацкі хлебазавод амаль у 2 разы павялічыў выпуск экструзійных хлебцаў. Так, калі ў студзені-лютым гэтага віду прадукцыі выпускалася крыху больш за 10 т у месяц, то за красавік аб'ём вытворчасці склаў 18 т. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Сяргей Лейчанка. Паводле яго слоў, у цяперашні час завод выпускае 12 відаў хлебцаў. Аднак ужо ў чэрвені ў гандлёвую сетку паступяць яшчэ шэсць навінак: хлебцы са смакам курыцы, бекону, папрыкі, грыбоў, цыбулі са смятанай, а таксама з фруктовай начынкай. У залежнасці ад наяўнасці сыравіны гэта будзе клубнічны, ёгуртавы, шакаладна-арэхавы, вішнёвы або карамельны напаўняльнік. Астатнія разнавіднасці такой групы з'явяцца некалькі пазней. Усяго ў бягучым годзе прадпрыемства плануе пашырыць асартымент экструзійных хлебцаў у тры разы да 32 найменняў і павялічыць да канца года аб'ём іх выпуску да 40-45 т у месяц. Новы прадукт Полацкага завода ўжо паступіў у продаж у гандлёвыя аб'екты ўсіх рэгіёнаў Беларусі. Для яго больш шырокага прасоўвання на ўнутраным рынку завод адкрывае свае прадстаўніцтвы ва ўсіх абласных цэнтрах і Мінску. Акрамя таго, вядуцца перамовы з мэтай паставак хлебцаў у Расію. Экструзійныя хлебцы - новы від прадукцыі для полацкага хлебазавода. Іх выпуск асвоены ў канцы 2009 года. Для гэтага было закуплена французскае абсталяванне магутнасцю 100-140 кг прадукцыі ў гадзіну коштам 1 млн. еўра. Новая лінія ўстаноўлена ў рэканструяваным цэху. Прадукт выпускаецца чатырох відаў: для здаровага харчавання (без дабавак); аздараўленчы (з карыснымі мінераламі і вітамінамі); у стылі "чыпс"; з фруктовымі начынкамі. За студзень-красавік прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br4,2 млрд., што на 19,1% вышэй за ўзровень мінулага года. Рэнтабельнасць рэалізацыі склала звыш 8%. Па папярэдніх даных, экспарт за студзень-май павялічыцца ў параўнанні з аналагічным узроўнем 2009 года ў 2 разы да $18 тыс. Пастаўкі хлебабулачных вырабаў ажыццяўляюцца ў Расію. Прадпрыемства заснавана ў 1933 годзе. З'яўляецца філіялам РВУП "Віцебскхлебпрам". Спецыялізуецца на вытворчасці хлебабулачных, сухарна-баранкавых, кандытарскіх вырабаў, а таксама соусаў і гарчыцы. Асартымент налічвае каля 70 найменняў. Штогод ён абнаўляецца ў сярэднім на 30-40%. Колькасць працаўнікоў перавышае 240 чалавек.-0-