Полацкі хлебазавод у 2010 годзе інвестуе ў развіццё прадпрыемства Br700 млн.

18 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Полацкі хлебазавод інвестуе ў 2010 годзе ў развіццё прадпрыемства Br700 млн, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар завода Сяргей Лейчанка. Сродкі будуць накіраваны на будаўніцтва кацельні на прыродным газе. Запуск аб'екта дазволіць прадпрыемству забяспечваць сябе энергетычнымі рэсурсамі ў поўным аб'ёме, а таксама знізіць затраты на іх спажыванне. Праект, значны для завода, важны і для сацыяльнай сферы, адзначыў кіраўнік. Так, каб падвесці блакітнае паліва, трэба пракласці каля 1 км газаправода, да якога змогуць падключыцца і мясцовыя жыхары. Будаўніцтва кацельні з'яўляецца другой чаргой буйнога інвестыцыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці экструзійных хлебцаў. Яго першы этап быў рэалізаваны сёлета. У прыватнасці, прадпрыемства закупіла французскае абсталяванне магутнасцю 100-140 кг прадукцыі ў гадзіну. Яго кошт складае 1 млн еўра. Новая лінія ўстаноўлена ў рэканструяваным цэху. Цяпер на ім выпускаецца сем відаў экструзійных хлебцаў. Аднак ужо ў бліжэйшыя дні іх колькасць павялічыцца да 11. У 2010 годзе асартымент новай прадукцыі плануецца давесці да 32 найменняў, а яе штомесячны аб'ём вытворчасці - да 50 т у змену. Цяпер з улікам асваення спецыялістамі новага абсталявання і наладкі вытворчых працэсаў выпуск хлебцаў складае 10 т у месяц. За студзень-лістапад хлебазавод выпусціў прадукцыі на Br11,5 млрд, што на 12% вышэй за ўзровень мінулага года. Рэнтабельнасць рэалізацыі складае 8,5%. Паказчык па энергазберажэнні за гэты перыяд - мінус 14,5%. Аб'ём інвестыцый у развіццё вытворчасці сёлета дасягнуў Br4 млрд. Асноўная частка гэтых сродкаў накіравана на праект па ўстаноўцы экструзійнай лініі. Прадпрыемства заснавана ў 1933 годзе. З'яўляецца філіялам РУПП "Віцебскхлебпрам". Спецыялізуецца на вытворчасці хлебабулачных, сухарна-бараначных, кандытарскіх вырабаў, а таксама соусаў і гарчыцы. Асартымент налічвае каля 70 найменняў. Штогод ён абнаўляецца ў сярэднім на 30%. Прадукцыя рэалізуецца на тэрыторыі Беларусі, невялікая доля пастаўляецца ў Расію. Колькасць працаўнікоў - звыш 240 чалавек. За паспяховую працу прадпрыемства занесена на рэспубліканскую і абласную Дошкі гонару.-0-