Полацкі хлебазавод у 2010 годзе пашырыць асартымент экструзійных хлебцаў утрое
4 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Полацкі хлебазавод у 2010 годзе ў тры разы пашырыць асартымент экструзійных хлебцаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Сяргей Лейчанка.
Гэты від прадукцыі падзяляецца на чатыры групы: для здаровага харчавання (без дабавак); аздараўленчая (з карыснымі мінераламі і вітамінамі); у стылі "чыпс" (са смакамі папрыкі, сыру, бекону, цыбулі і г.д.); з фруктовымі начынкамі. Усяго ў цяперашні час выпускаецца 12 відаў хлебцаў розных груп. У бліжэйшыя месяцы ў гандлёвую сетку павінны паступіць яшчэ 10 новых відаў. Усяго да канца года іх асартымент плануецца пашырыць да 32 найменняў.
Экструзійныя хлебцы - новы від прадукцыі для полацкага хлебазавода, адзначыў кіраўнік. Іх выпуск быў асвоен у 2009 годзе. Для гэтага было закуплена французскае абсталяванне магутнасцю 100-140 кг прадукцыі ў гадзіну коштам 1 млн. еўра. Новая лінія ўстаноўлена ў рэканструяваным цэху. У цяперашні час штомесячны аб'ём вытворчасці складае звыш 10 т. Аднак да канца года хлебазавод плануе выйсці на 40-45 т у месяц.
За студзень-люты прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br1,9 млрд., што на 12,8% вышэй за аналагічны перыяд мінулага года. Рэнтабельнасць рэалізацыі за студзень склала 11,5%. Паказчык па энергазберажэнні за гэты перыяд - мінус 11%. Экспарт хлебабулачных вырабаў у Расію дасягнуў $6,9 тыс. Аб'ём інвестыцый у развіццё вытворчасці ў гэтым годзе плануецца ў аб'ёме Br700 млн. Сродкі будуць накіраваны на будаўніцтва кацельні на прыродным газе.
Прадпрыемства заснавана ў 1933 годзе. З'яўляецца філіялам РУПП "Віцебскхлебпрам". Спецыялізуецца на вытворчасці хлебабулачных, сухарна-бараначных, кандытарскіх вырабаў, а таксама соусаў і гарчыцы. Асартымент налічвае каля 70 найменняў. Штогод ён абнаўляецца ў сярэднім на 30-40%. Колькасць працаўнікоў - звыш 240 чалавек. За паспяховую працу прадпрыемства занесена на рэспубліканскую і абласную Дошку гонару.-0-