Полацкі хлебазавод у лістападзе запусціць новую кацельню
29 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Полацкі хлебазавод запусціць у лістападзе новую кацельню на газе, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
Праект па газіфікацыі завода рэалізуецца з пачатку года. Яго кошт складае звыш Br1,1 млрд. У цяперашні час у рэканструяванай кацельні завяршаюцца мантажныя работы, усталёўваюцца 2 новыя аўтаматызаваныя катлы італьянскай вытворчасці, якія заменяць старое абсталяванне. Пусканаладачныя работы будуць праводзіцца на іх на працягу кастрычніка. Увод у эксплуатацыю кацельні, намечаны на лістапад, дазволіць прадпрыемству эканоміць на энергурэсурсах ад Br80 млн. да Br100 млн. штогод, а таксама рэалізаваць шэраг новых праектаў па далейшай мадэрнізацыі вытворчасці, накіраваных на пашырэнне асартыменту прадукцыі.
Акрамя таго, у межах рэалізацыі праекта праводзілася пракладка 1,2 км газаправода ад магістральнай галінкі да завода ў прыватным сектары па вуліцы Гагарына. Цяпер каля 300 домаўладальнікаў маюць магчымасць газіфікаваць свае дамы. Падрыхтоўчая работа да гэтага працэсу сярод мясцовага насельніцтва ўжо пачалася, адзначылі спецыялісты.
За студзень-жнівень прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br9,1 млрд., або 119% да аналагічнага ўзроўню 2009 года. Рэнтабельнасць рэалізацыі за гэты перыяд склала 8,7%. Паказчык па энергазберажэнні - мінус 13,8%.
Прадпрыемства заснавана ў 1933 годзе. З'яўляецца філіялам РВУП "Віцебскхлебпрам". Спецыялізуецца на вытворчасці хлебабулачных, сухарна-баранкавых, кандытарскіх вырабаў, а таксама соусаў і гарчыцы. Асартымент налічвае каля 70 найменняў. Штогод ён абнаўляецца ў сярэднім на 30%. Прадукцыя рэалізуецца на тэрыторыі Беларусі, незначная доля пастаўляецца ў Расію. Колькасць працаўнікоў звыш 240 чалавек. -0-