Полацкаму Музею беларускага кнігадрукавання споўнілася 25 гадоў
Ён расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў 8 верасня 1990 года. Яго адкрыццё было прымеркавана да святкавання 500-годдзя з дня нараджэння першага беларускага кнігадрукара Францыска Скарыны.
Самую вялікую частку музейных экспанатаў складаюць кнігі: рукапісныя, старадрукаваныя, а таксама сучасныя выданні. Сярод іх такія рарытэты, як «Евангелле вучыцельнае», «Мінея агульная» і іншыя. Акрамя кніг, тут прадстаўлена і іншая прадукцыя: часопісы і газеты розных гадоў, паштоўкі, улёткі, календары, буклеты. Для таго, каб здзейсніць падарожжа ў часе і ўявіць сабе нялёгкі працэс стварэння рукапісных кніг, у музеі адноўлена майстэрня перапісчыка кніг — скрыпторый, дзе можна ўбачыць манаха-перапісчыка з гусіным пяром у руках.
З нагоды 25-годдзя музея 10 верасня адбудзецца «круглы стол» «Кніжная спадчына ў музейным адлюстраванні», падчас якога музейшчыкі і навукоўцы абмяркуюць самыя розныя пытанні, звязаныя з кніжнай тэмай.
На верасень запланавана некалькі выстаў. Адна прыедзе ў Полацк з Вялікага Ноўгарада. На ёй будуць прадстаўлены каштоўныя выданні XVI—XIX стагоддзяў. Другая ж дасць магчымасць палачанам і гасцям горада ўбачыць сапраўдныя выданні Францыска Скарыны, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, — «Першую кнігу Царстваў» і «Еклесіаст». Акрамя таго, запланавана выстава «Лепшыя кнігі Беларусі», якая пазнаёміць усіх зацікаўленых з самымі прыгожымі беларускімі выданнямі — лаўрэатамі Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі-2014».
Марыя БУДКЕВІЧ, «Віцьбічы».