«Полацктранснафта Дружба» да канца студзеня прапампуе амаль 150 тыс. т расійскай нафты для ААТ «Нафтан»

26 студзеня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. ААТ "Полацктранснафта Дружба" мае намер да канца студзеня прапампаваць амаль 150 тыс.т расійскай нафты для ААТ "Нафтан", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве. Як паведамлялася раней, ААТ "Гомельтранснафта Дружба" плануе да канца студзеня прапампаваць больш за 200 тыс.т расійскай нафты для Мазырскага НПЗ. Такім чынам, да канца месяца трубаправодным транспартам на два беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы паступіць прыкладна 350 тыс.т расійскай нафты. Перамовы аб умовах пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь завяршыліся 25 студзеня ў Маскве. Іх вынікам стала заключэнне дагавораў аб пастаўках нафтавай сыравіны паміж беларускімі нафтаперапрацоўчымі заводамі і расійскімі нафтавымі кампаніямі. Па праекце паліўна-энергетычнага балансу Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі на 2011 год, узгодненаму бакамі ў снежні 2010 года, у Беларусь у бягучым годзе можа быць пастаўлена 21,7 млн.т нафты, у тым ліку 18 млн.т трубаправодным транспартам. Беларусь з 1 студзеня 2011 года павінна атрымліваць расійскую нафту і нафтапрадукты без пошлін і без абмежавання аб'ёмаў. Гэта прадугледжана Пагадненнем аб парадку выплаты і залічэння вывазных мытных пошлін (іншых пошлін, падаткаў і збораў, якія маюць эквівалентнае дзеянне) пры вывазе з тэрыторыі Беларусі за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюза нафты сырой і асобных катэгорый тавараў, выпрацаваных з нафты. Дакумент падпісаны кіраўнікамі дзяржаў Мытнага саюза 9 снежня 2010 года. Ён ратыфікаваны Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 21 снежня і адобраны Саветам Рэспублікі 22 снежня 2010 года. Пагадненнем устаноўлены новыя ўмовы пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь. Урэгуляваны пытанні спагнання і пералічэння ў бюджэт Расіі вывазных мытных пошлін пры вывазе з тэрыторыі Беларусі за межы Мытнага саюза сырой нафты і асобных тавараў з вуглевадароднай сыравіны. Адкрытае акцыянернае таварыства "Полацктранснафта Дружба" - сучаснае высокааўтаматызаванае прадпрыемства нафтахімічнага комплексу Беларусі, якое ўваходзіць у склад канцэрна "Белнафтахім". Пераўтворана ў ААТ у канцы 2010 года. Асноўнай задачай арганізацыі з'яўляецца транспарціроўка расійскай нафты з Заходне-Сібірскага рэгіёну, Татарстана і Паволжа ў Рэспубліку Беларусь (ААТ "Нафтан"). Нафтаправоды, якія эксплуатуюцца арганізацыяй, дазваляюць таксама ажыццяўляць транзітную транспарціроўку нафты ў краіны Балтыі. Адкрытае акцыянернае таварыства "Гомельтранснафта Дружба" - самастойная гаспадарчая адзінка ў сістэме дзяржаўнага канцэрна "Белнафтахім". Пераўтворана ў ААТ у канцы 2010 года. Нафтаправоды прадпрыемства з'яўляюцца часткай сістэмы магістральных транскантынентальных нафтаправодаў "Дружба" - важнага транзітнага калідора для экспарту расійскай нафты. Прадпрыемства эксплуатуе амаль 2 тыс.км (у аднанітачным вылічэнні) нафтаправодаў. Траса нафтаправода праходзіць па тэрыторыі Гомельскай і Брэсцкай абласцей ад мяжы з Расійскай Федэрацыяй да межаў з Польшчай і Украінай.-0-