Польшча прадставіць на "Славянскім базары ў Віцебску" праект да 200-годдзя Шапэна
25 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Польшча мае намер прадставіць на XIX Міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" культурны праект, прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння вялікага польскага кампазітара Фрэдэрыка Шапэна. Аб гэтым паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін сёння на сустрэчы са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Касінцам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У гэтым годзе мы б хацелі вярнуцца на "Славянскі базар" і прадставіць у праграме фестывалю вялікі спектакль, звязаны са святкаваннем 200-годдзя Фрэдэрыка Шапэна", - сказаў дыпламат.
Пытанні ўдзелу прадстаўнікоў польскай дэлегацыі ў фестывалі стануць адной з тэм рабочай сустрэчы міністраў культуры дзвюх краін, якая адбудзецца на наступным тыдні. "Спадзяюся, што на сустрэчы будзе закладзены падмурак пад рэалізацыю шэрагу праектаў у культурнай сферы, якія непасрэдна датычацца Віцебскай вобласці, у тым ліку ўдзелу польскай дэлегацыі ў "Славянскім базары", - адзначыў Генрык Літвін. Акрамя культуры значныя магчымасці для супрацоўніцтва паміж Віцебскай вобласцю і Польшчай утрымліваюць эканамічная і навуковая сферы, развіццё кантактаў на міжрэгіянальным узроўні, а таксама ўзаемадзеянне паміж ВНУ, дадаў ён.
Па ацэнцы старшыні аблвыканкама Аляксандра Касінца, паміж Віцебскай вобласцю і Польшчай ужо склалася пэўная сістэма дастаткова цесных узаемаадносін у розных сферах, што дае магчымасці развіваць супрацоўніцтва практычна па ўсіх напрамках. Па выніках 2009 года знешнегандлёвы абарот прадпрыемстваў вобласці з Польшчай склаў $67 млн, і ёсць усе неабходныя ўмовы для павелічэння гэтага паказчыка ў некалькі разоў. Перш за ўсё трэба выкарыстоўваць патэнцыял СЭЗ "Віцебск" па стварэнні сумесных беларуска-польскіх прадпрыемстваў, у тым ліку па дрэваапрацоўцы, у сферы радыёэлектронікі, па вытворчасці санітарна-гігіенічных сродкаў. У Віцебску рэалізуецца праект па будаўніцтве фармацэўтычнага прадпрыемства, што адкрывае сур'ёзныя перспектывы па супрацоўніцтве ў гэтым высокатэхналагічным і навукаёмістым напрамку. Яшчэ адной перспектыўнай тэмай эканамічнага ўзаемадзеяння можа стаць рэалізацыя сумесных праектаў у аграпрамысловым комплексе.
Активныя кантакты развіваюць віцебскія і польскія ВНУ, што дазваляе не толькі павышаць кваліфікацыю спецыялістам дзвюх краін, ажыццяўляць студэнцкія абмены, але і праводзіць сумесныя прыкладныя даследаванні. Багатыя традыцыі партнёрскіх сувязяў у культурнай сферы даюць магчымасць таксама разглядаць гэты напрамак як адзін з прыярытэтных. "Спадзяюся, што вынікам сустрэчы стане актывізацыя нашага супрацоўніцтва ва ўсіх без выключэння сферах дзейнасці", - заключыў Аляксандр Касінец.-0-