Парламенцкая дэлегацыя Польшчы наведала Глыбоцкі раён. Гасцей сустракалі духмяным караваем
Ён узначаліў польскую парламенцкую дэлегацыю, якая наведала Глыбоцкі раён у межах трохдзённага візіту ў Рэспубліку Беларусь. Замежных гасцей суправаджалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
Рышарда Тэрлецкага ўразіў шчыры прыём у Глыбокім з духмяным караваем і мясцовым фальклорам, маляўнічая відэапрэзентацыя, якая распавядае пра гістарычную, культурную спадчыну краю, сацыяльна-эканамічную сферу. Ён падзякаваў кіраўніцтва раёна за прадастаўленую магчымасць даведацца больш пра Глыбоччыну.
– Стараемся часцей наведваць вашу краіну і заўсёды запрашаем беларускія дэлегацыі ў Польшчу, – падкрэсліў віцэ-маршалак. – Гэта дае магчымасць узбагаціць свае веды.
Лічу, што ўзаемадзеянне на ўзроўні асабістых зносін аказвае дзейсны эфект ва ўмацаванні палітычнага, эканамічнага супрацоўніцтва.
Дарэчы, глыбачане даўно сябруюць з некалькімі рэгіёнамі Польшчы. Пяць гадоў таму падпісалі пагадненне аб наладжванні партнёрскіх адносін з польскім горадам Зялёна-Гура, крыху пазней – пратакол намераў аб супрацоўніцтве з гмінай Равіч. У перспектыве падпісанне дагаворных абавязацельстваў з горадам Вольштын.
Да таго ж Глыбоччына ўжо пяць гадоў падтрымлівае сяброўскія сувязі з прадстаўнікамі роду Корсакаў, якія пражываюць у Варшаве і іншых гарадах Польшчы. Іх продак Іосіф Корсак у першай палове XVII стагоддзя валодаў маёнткам Глыбокае, быў мецэнатам. Пры ім былі пабудаваны велічныя святыні, якія захаваліся да нашых дзён.
На дадзены момант актыўнае супрацоўніцтва Глыбоцкага раёна і рэгіёнаў Польшчы назіраецца ў сферы адукацыі і культуры.
Толькі сёлета польскія калектывы двойчы прыязджалі на міжнародныя фестывалі, якія праходзілі на Глыбоччыне. А ў чэрвені народны ансамбль «Крынічанька» з Глыбокага выступіў на фальклорным свяце ў Вольштыне.
– Падобныя творчыя паездкі даюць магчымасць бліжэй пазнаць культуру іншай краіны, знайсці сяброў і расказаць пра свой край, – упэўнены старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі.
– Пладатворнае супрацоўніцтва з рэгіёнамі Польшчы дазваляе раскрыць наяўны турыстычны, культурны і гістарычны патэнцыял нашага раёна.
Мы зацікаўлены ў далейшым развіцці міжнароднага і рэгіянальнага супрацоўніцтва ў сацыяльнай, эканамічнай сферах.
Намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Тарасевіч падкрэсліла, што на працягу 11 гадоў у перыяд летніх канікул навучэнцы раённай гімназіі адпачываюць у міжнародным лагеры ў Польшчы. Гэта стала магчымым дзякуючы ініцыятыве ўраджэнца Глыбоччыны, польскага дэпутата Эдварда Маркевіча.
У якасці прыярытэтным напрамкаў для далейшага развіцця ўзаемавыгадных адносін з польскімі рэгіёнамі старшыня Глыбоцкага райсавета дэпутатаў Галіна Унуковіч назвала турызм, спорт і сельскую гаспадарку. Таксама Галіна Уладзіміраўна адзначыла, што ў аснове дружалюбных сувязяў – гістарычнае мінулае і зацікаўленасць палякаў, якія маюць беларускія карані, умацоўваць дружалюбныя сувязі сваіх гарадоў з малой радзімай.
У раёне дзейнічае арганізацыйная структура грамадскага аб'яднання «Саюз палякаў Беларусі», колькасць якога складае 20 чалавек. Яны даглядаюць за магіламі польскіх салдат на старых грамадзянскіх могілках у Глыбокім.
На сустрэчы з польскай дыяспарай Рышард Тарлецкі гаварыў аб важнасці захавання памяці аб загінуўшых у гады вайны, аб тым, што гістарычнае мінулае з'яўляецца асновай для ўмацавання і далейшага развіцця пабрацімскіх сувязяў рэгіёнаў Беларусі і Польшчы. Глыбачане паказалі гасцям унікальны архітэктурны помнік – мемарыяльную калону, узведзеную ў гонар Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 1791 года.
Замежная дэлегацыя таксама наведала санаторна-курортны комплекс «Пліса», які з'яўляецца філіялам ЗАТ «Трест Прамбуд». Комплекс, пабудаваны на паўночным беразе возера Пліса, за лічаныя гады стаў месцам прыцягнення замежных адпачывальнікаў. Дарэчы, летась яго наведалі прадстаўнікі 32 краін.
Дэпутатаў польскага сейма ўразіў шырокі пералік медыцынскіх і аздараўленчых паслуг, у тым ліку з выкарыстаннем мінеральнай вады, сапрапелевай арганічнай гразі. «Плісу» яны назвалі райскім месцам.
На думку Рышарда Тарлецкага, падобныя санаторна-курортныя цэнтры даюць магчымасць прыцягваць у рэгіёны не толькі замежных адпачывальнікаў, але і інвестыцыі, бо сваёй дзейнасцю сведчаць аб наяўным патэнцыяле дадзенага рэгіёну і магчымасці арганізацыі паспяховага бізнесу ў Беларусі.