Польскія эксперты па расследаванні прычын авіякатастрофы пад Смаленскам прыбудуць сёння ў Віцебск
10 красавіка, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Члены польскай камісіі па расследаванні прычын катастрофы самалёта прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага прыбудуць сёння ў Віцебск, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аэрапорце горада.
Да канца дня чакаецца іх прыбыццё ў аэрапорт "Віцебск". Час пакуль не ўдакладняецца. "Мы чакаем польскіх экспертаў, гатовыя аказаць ім усялякую дапамогу, садзейнічаць іх аператыўнаму прыбыццю на месца катастрофы самалёта", - адзначылі ў аэрапорце.
Спецыялісты паведамілі, што экіпаж самалёта, які пацярпеў крушэнне, не звяртаўся да авіядыспетчараў віцебскага аэрапорта з просьбай аб пасадцы. "Яны цалкам маглі б гэта зрабіць, мы гатовыя былі іх прыняць, аднак экіпаж вырашыў не адхіляцца ад маршруту і здзейсніць запланаваную пасадку ў Смаленску", - сказалі ў аэрапорце.
Ту-154 урадавага авіатрада Польшчы, на борце якога знаходзіўся прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі, пацярпеў крушэнне сёння раніцай пры заходе на пасадку. Самалёт ажыццяўляў пасадку ва ўмовах моцнага туману, зачапіўся за верхавіны дрэў і ўпаў прыкладна за 500 м ад узлётна-пасадачнай паласы аэрадрома "Северны" пад Смаленскам. Па ўдакладненых даных, на борце самалёта знаходзіліся 96 чалавек. 88 пасажыраў Ту-154, які разбіўся пад Смаленскам, былі членамі афіцыйнай дэлегацыі Польшчы. Ніхто з іх не выжыў.
Па факце авіякатастрофы ўзбуджана крымінальная справа па частцы 3 артыкула 263 КК Расіі ("Парушэнне правілаў бяспекі руху паветранага транспарту, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух і больш асоб"). Следства разглядае розныя версіі таго, што адбылося, у тым ліку неспрыяльныя ўмовы надвор'я, чалавечы фактар, тэхнічныя непаладкі.-0-