Польскія інвестары зацікаўлены ў рэалізацыі праектаў па выпуску будматэрыялаў у СЭЗ "Віцебск"
8 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Польскія інвестары зацікаўлены ў рэалізацыі праектаў па вытворчасці будматэрыялаў на тэрыторыі СЭЗ "Віцебск". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў першы намеснік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ Сяргей Сташэўскі па выніках візіту дэлегацыі СЭЗ у Польшчу, які прайшоў у канцы чэрвеня.
Інтарэс да інвестыцыйнага патэнцыялу СЭЗ праявіў шэраг прадпрыемстваў - членаў Паўночнай гаспадарчай палаты Польшчы. Так, папярэднія дамоўленасці аб стварэнні сумеснай вытворчасці з адным з рэзідэнтаў СЭЗ і арганізацыі вытворчасці звышмоцных будаўнічых матэрыялаў дасягнуты з кампаніяй ARBET, якая спецыялізуецца на выпуску вырабаў з бетону метадам гіперпрэсавання. Акрамя таго, кампанія ROGMET разглядае прапанову аб стварэнні прадпрыемства па выпуску будматэрыялаў з металу ў межах СЭЗ "Віцебск".
Прасоўванне патэнцыялу СЭЗ на польскім рынку стала магчымым дзякуючы актыўнаму ўзаемадзеянню з польскай кампаніяй DAZIN sp. z o.o., з якой СЭЗ "Віцебск" звязвае дагавор аб супрацоўніцтве. У адпаведнасці з дакументам бакі аказваюць садзейнічанне беларускім і польскім прадпрыемствам у рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў на тэрыторыі Беларусі і Польшчы, ініцыююць сумесныя бізнес-сустрэчы і кансультацыі для зацікаўленых дзелавых колаў дзвюх краін. Вынікам узаемадзеяння адміністрацыі СЭЗ і польскай кампаніі стала арганізацыя бізнес-сустрэчы ў Паўночнай гаспадарчай палаце Польшчы. Яе членамі з'яўляюцца больш за 1,3 тыс. прадпрыемстваў, з якіх не менш за чвэрць з'яўляюцца вытворцамі, у тым ліку будматэрыялаў, мэблевай прадукцыі, спецыялізуюцца ў сферы альтэрнатыўнай энергетыкі, адзначыў Сяргей Сташэўскі.
Адміністрацыя СЭЗ "Віцебск" разглядае ўзаемадзеянне з польскім бізнесам як адзін з прыярытэтных напрамкаў інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Дамоўленасці аб інфармацыйным абмене і садзейнічанні ў прасоўванні магчымасцей СЭЗ таксама дасягнуты падчас рабочых сустрэч дэлегацыі віцебскай СЭЗ з прадстаўнікамі Польска-беларускай ГПП, Польска-нямецкага клуба, шэрагам інвестыцыйных кампаній і банкаўскімі структурамі. Дзелавое супрацоўніцтва будзе працягнута падчас запланаванага на лістапад 2009 года Паморскага эканамічнага форуму, у якім плануе прыняць удзел дэлегацыя Віцебскай вобласці.
СЭЗ "Віцебск" утворана 4 жніўня 1999 года. У цяперашні час у СЭЗ зарэгістраваны 34 рэзідэнты з удзелам інвестараў з 13 краін, у тым ліку Германіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, Чэхіі, Польшчы і Расіі. Прадпрыемствы-рэзідэнты выпускаюць прадукцыю паліўнай, хімічнай, лёгкай прамысловасці, машынабудавання, асвоілі вытворчасць прадуктаў харчавання і займаюцца навуковымі распрацоўкамі. Тэрыторыя свабоднай эканамічнай зоны ўключае сем сектараў агульнай плошчай больш за 1,2 тыс.га.-0-