Польскі інвестар накіруе 1 млн. еўра на стварэнне ў СЭЗ "Віцебск" вытворчасці дэталяў для абутку

15 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Вытворчасць дэталей для абутковай прамысловасці мае намер арганізаваць у СЭЗ "Віцебск" замежнае прадпрыемства "ПолСтеп", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле інвестыцый і знешнеэканамічных сувязей адміністрацыі віцебскай СЭЗ. Прадпрыемства, зарэгістраванае ў якасці рэзідэнта СЭЗ, створана з удзелам польскага інвестара. Інвестыцыйны праект коштам больш за 1 млн. еўра прадугледжвае стварэнне вытворчасці падэшваў і абцасаў з тэрмапластычнай гумы і сінтэтычных палімераў любой ступені складанасці, ад стандартных да эксклюзіўных, у тым ліку па індывідуальных чарцяжах і эскізах заказчыкаў, а таксама наборак з поліўрэтана. Праект носіць імпартазамяшчальны характар, да 80% вырабаў мяркуецца рэалізоўваць айчынным прадпрыемствам абутковай прамысловасці. Новы рэзідэнт плануе прыступіць да вытворчай дзейнасці ў трэцім квартале 2011 года, праектам прадугледжваецца стварэнне больш за 80 рабочых месцаў. СЭЗ "Віцебск" утворана ў жніўні 1999 года. У СЭЗ зарэгістраваны 37 рэзідэнтаў, з якіх больш за 60% сумесныя і замежныя прадпрыемствы, створаныя з удзелам інвестараў з 13 краін, у тым ліку Германіі, Польшчы, ЗША, Чэхіі, Вялікабрытаніі, Расіі, Канады, Галандыі і Ізраіля. Аснову прамысловага патэнцыялу СЭЗ складаюць прадпрыемствы, якія працуюць у сферы машынабудавання, дрэваапрацоўкі, харчовай, хімічнай, паліўнай і лёгкай прамысловасці. Тэрыторыя свабоднай эканамічнай зоны ўключае сем сектараў агульнай плошчай больш за 1,2 тыс.га. У студзені-верасня аб'ём вытворчасці прамысловай прадукцыі на прадпрыемствах-рэзідэнтах склаў Br487,7 млрд., што ў супастаўных цэнах на 17,4% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Экспарт тавараў прадпрыемстваў-рэзідэнтаў СЭЗ "Віцебск" у студзені-верасня вырас амаль на 30% у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года і перавысіў $97 млн. Асноўны аб'ём экспарту (больш за 90%) прыпадае на краіны СНД, доля Расіі ў агульным аб'ёме экспартных паставак перавышае 80%. Па выніках знешнегандлёвай дзейнасці СЭЗ "Віцебск" за студзень-верасень сфарміравана станоўчае сальда ў памеры $9,5 млн. (без уліку нафты і нафтапрадуктаў станоўчае сальда склала $11,3 млн.).-0-