Паўсотні аб'ектаў гандлю, сферы паслуг і грамадскага харчавання падтрымалі "сістэму лаяльнасці" ў Віцебскай вобласці

25 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Амаль паўсотні аб'ектаў гандлю, сферы паслуг і грамадскага харчавання падтрымалі "сістэму лаяльнасці" ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама.

Для дадатковай сацыяльнай абароны малазабяспечаных катэгорый грамадзян у крамах Віцебска, Оршы, Полацка і Наваполацка ўведзены "сістэмы лаяльнасці". У Віцебску ёю ахоплены каля 30 аб'ектаў - крамы, прадпрыемствы бытавых паслуг, грамадскага харчавання, у Оршы яе падтрымалі 9 крам, у Наваполацку - 8, у Полацку - 2. На асобныя прадукты харчавання, тавары паўсядзённага попыту ў гэтых аб'ектах для пенсіянераў і інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, шматдзетных сем'яў зніжаны гандлёвыя надбаўкі.

У акцыю ўключыліся як буйныя гандлёвыя сеткі ("Еўраопт", "Веста", "Ніка"), так і прадпрыемствы. Напрыклад, ААТ "Віцебскі мясакамбінат" у фірменнай краме ў Віцебску прадастаўляе зніжкі на вараныя каўбасы і сасіскі для шматдзетных сем'яў, ААТ "КІМ" прапануе інвалідам і шматдзетным сем'ям у сваёй краме ў Віцебску трыкатажныя вырабы па меншым кошце.

Да сацыяльнай праграмы па падтрымцы малазабяспечаных слаёў насельніцтва ў абласным цэнтры далучылася гарадское прадпрыемства грамадскага харчавання - ААТ "Вітміл". У кафэ "Маладзёжнае" для пенсіянераў уведзены 30% зніжкі на комплексныя абеды з 12-00 да 14-00.

"Сістэма лаяльнасці" запрацавала ў сферы бытавых паслуг. У адной з цырульняў ААТ "Свет паслуг плюс" у Віцебску прадастаўляецца 25%-ная зніжка на цырульныя паслугі пенсіянерам, інвалідам 1-й і 2-й групы, шматдзетным маці і студэнтам. Паслуга па выкліку фатографа ААТ "Свет паслуг плюс" на дом абыдзецца пенсіянерам, інвалідам 1-й і 2-й групы на 50% танней. Акрамя таго, ва ўсіх цырульнях і фотастудыях ААТ "Свет паслуг плюс" ужываецца гнуткая сістэма зніжак для ветэранаў ВАВ і прыраўнаваных да іх асоб у перадсвяточныя і святочныя дні: 23 лютага, 9 мая, 3 ліпеня.

Не засталіся ўбаку ад добрай справы майстры швейнай справы. Дом моды ААТ "Віцебскі досвітак" прапануе малазабяспечаным грамадзянам зніжкі на рамонт швейных вырабаў, а таксама на пашыў штаноў, спадніц і халатаў.

Работа па правядзенні акцый сацыяльнай накіраванасці ў вобласці працягваецца. У бліжэйшы час да пераліку аб'ектаў, якія прадастаўляюць льготы малазабяспечаным катэгорыям грамадзян, напрыклад, у Віцебску збіраюцца далучыцца яшчэ 5 аб'ектаў.-0-