За суткі ў Віцебску выпала паўтары дэкаднай нормы ападкаў

30 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебску за мінулыя суткі выпала паўтары дэкаднай нормы ападкаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя. Вышыня снежнага покрыва ў абласным цэнтры склала 30 см і ўшчыльную наблізілася да рэкорду 1937 года, калі гэты паказчык знаходзіўся на адзнацы ў 31 см. У бліжэйшыя дні снегапады ў вобласці спыняцца, а на змену ім прыйдуць маразы. Ужо навагоднімі начамі слупок тэрмометра апусціцца да 6-11 градусаў ніжэй за нуль. У першыя дні студзеня стане яшчэ халадней: сіноптыкі прагназуюць 13-18 градусаў марозу днём і да мінус 27-мі ноччу. Як адзначыў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама Андрэй Шарэц, на ліквідацыі наступстваў снегападаў задзейнічаны ўсе рэсурсы. Ва ўзмоцненым рэжыме працуюць тэхніка і людзі. Найбольш пацярпелымі ад непагадзі з'яўляюцца Віцебск і ўсходнія рэгіёны вобласці. У астатніх раёнах ападкі не даставілі асаблівых клопатаў камунальнікам.-0-