Паўвекавы юбілей маштабна і маляўніча адзначыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт
За 50 гадоў сваёй гісторыі ён падрыхтаваў каля 40 тысяч спецыялістаў, якія паспяхова працуюць у самых розных галінах, уносячы годны ўклад у развіццё народнагаспадарачага комплексу рэспублікі. Сёння ў ПДУ па 45 спецыяльнасцях навучаецца больш за 10 тысяч студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў з розных рэгіёнаў Беларусі і 25 краін свету.


На ўрачысты вечар з нагоды знамянальнай даты прыехала намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раіса Сідарэнка, якая зачытала віншаванне, што накіраваў калектыву кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
У ім гаворыцца, што ПДУ заняў заслужанае месца ў нацыянальнай сістэме адукацыі, з'яўляючыся годным пераемнікам асветніцкіх традыцый полацкай зямлі.
Універсітэт крочыць у нагу з часам, яго выкладчыкі актыўна асвойваюць і ўкараняюць новыя напрамкі, методыкі і тэхналогіі навучання, вучоныя праводзяць фундаментальныя і прыкладныя даследаванні.
Вынікі гэтай дзейнасці прызнаны айчыннай і сусветнай навуковай грамадскасцю. Дзякуючы шчыльнай, зладжанай працы прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў, як адзначыў Прэзідэнт Беларусі, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт дынамічна развіваецца і ўпэўнена глядзіць у будучыню.
Самыя цёплыя пажаданні роднай ВНУ адрасавала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта і выпускніца ПДУ Наталля Качанава.
А старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў у прывітальным адрасе адзначылі, што адкрыты ў маладым горадзе нафтахіміі політэхнічны інстытут за кароткі прамежак часу ператварыўся ў буйны навукова-адукацыйны цэнтр, які развіваецца з улікам асаблівасцей рэгіёна, максімальна інтэгруе сваю дзейнасць з патрэбамі рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы.
Сіла ВНУС і яго выпускнікоў – у цеснай сувязі адукацыі, навукі і практыкі, створана трывалая аснова для таго, каб наяўны патэнцыял павялічваўся і далей.
Важнасць універсітэта для паспяховага развіцця рэгіёна падкрэслілі ў сваіх выступленнях старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў, які таксама скончыў ПДУ, і старшыня Полацкага раённага Савета дэпутатаў Іосіф Грыбовіч.
Архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій адзначыў уклад ВНУС у духоўна-маральнае выхаванне моладзі і ўручыў рэктару ПДУ Дзмітрыю Лазоўскаму абраз з выявай беларускай асветніцы Ефрасінні Полацкай, а таксама медаль праваслаўнай царквы.
Юбілею была прысвечана шырокая праграма мерапрыемстваў. На факультэтах праводзіліся святочныя залікі і фотасушкі, першакурснікі пісалі эсэ аб планах на час вучобы ва ўніверсітэце, лепшым выкладчыкам і студэнтам уручана спецыяльная прэмія «Крынiца ведаў», былі арганізаваны лёгкаатлетычная эстафета, вела- і аўтапрабег, турыстычны фестываль маладых вучоных.
Яркія ўражанні падарыла маляўнічае шоў рознакаляровых парасонаў. Знакавай падзеяй стала ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі Музея навукі і асветы Палачан. І, вядома, дзень нараджэння не абышоўся без з'яўлення новай славутасці – адноўленага Рэктарскага ўваходу ў Полацкі калегіум.
Па ініцыятыве рэктарата на фасадзе аднаго з гістарычных карпусоў адрэстаўраваны дэкаратыўны партал і ганак канца XVIII – пачатку XIX стст. Выкананы з дуба дзвярны блок Рэктарскага ўваходу ўпрыгожылі восем бронзавых скульльптурных рэльефаў. Яны адлюстроўваюць найважнейшыя перыяды ўзнікнення вышэйшай адукацыі на тэрыторыі нашай краіны пачынаючы з 1581 года, калі быў заснаваны Полацкі езуіцкі калегіум.
У 1812 годзе ўказам імператара Аляксандра I калегіум быў ператвораны ў Полацкую акадэмію з правамі ўніверсітэта – першую вышэйшую навучальную ўстанову на землях Беларусі, дзе выкладалі вядомыя вучоныя свайго часу.
У 2003 годзе корпусы калегіума – помніка архітэктуры сярэдзіны XVIII стагоддзя – былі перададзены ў падпарадкаванне Міністэрства адукацыі. Гэта гістарычнае рашэнне прынята кіраўніком дзяржавы падчас наведвання ім ПДУ у верасні 2001 года.
Адрамантаваўшы гістарычныя будынкі і аднавіўшы ў іх унікальную акадэмічную атмасферу, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт стаў пераемнікам векавых адукацыйных традыцый нашай зямлі.
Рэктарскі ўваход будзе адкрывацца ў асабліва ўрачыстых выпадках. Праз яго пройдуць усе першакурснікі і выпускнікі, імёны якіх, па словах Дзмітрыя Лазоўскага, будуць заносіцца для вечнага захоўвання ў спецыяльную кнігу, што падкрэслівае прыналежнасць да найстарэйшага ўніверсітэта нашай краіны.
Галоўнай мэтай універсітэта Дзмітрый Мікалаевіч назваў інтэнсіўнае развіццё і ўдасканаленне ўмоў для росту навуковага патэнцыялу, выхаванне прафесіяналаў сусветнага ўзроўню, а залогам таго, што пастаўленыя задачы будуць выкананы, – высокі прафесіяналізм, адпаведнасць патрабаванням часу і гатоўнасць да выклікаў XXI стагоддзя.
Тэкст і фота Ларысы МАЛАШЭНІ, "Віцебскія весці".