Дапамагчы кожнаму: «хуткая» у Віцебску працуе ў звычайным рытме
Паназіраем за працай урачэбных брыгад. Дакладней, адной з іх — № 100. Іх аўтамабіль — гэта выдатна аснашчаная мабільная рэанімацыя, дзе ёсць усё неабходнае — ад кардыёапаратуры і дэфібрылятара да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх экспертнага класа. Але напачатку — уводны інструктаж і вымярэнне тэмпературы з выдачай свежай маскі ў кабінеце галоўнага ўрача Віктара Гомонава.
— Нават падчас наведвання станцыі спецыялістамі САЗ я ўзяў у рукі тэрмометр, маскі таксама давялося выдаць — сваіх у іх не было, — адзначае Віктар Рыгоравіч. — Госці падрабязна азнаёміліся з нашай працай, ніякіх заўваг не прагучала. Са спецадзеннем праблем няма, рэгулярна папаўняем запасы. Для выезду на выклікі да пацыентаў з прыкметамі ВРЗ і перавозкі шпіталізаваных з падазрэннем на пнеўманію выдзелена пяць спецыяльных брыгад. Ёсць бокс-капсула біялагічнай абароны — для бяспечнай транспарціроўкі пацыентаў з пацверджаным каранавірусам.
У дыспетчарскай кажуць: за апошнія тыдні колькасць заявак ад хранічных хворых прыкметна паменшылася. Галоўны ўрач каментуе: з усяго відаць, людзі разумеюць сітуацыю і сталі больш выразна выконваць прадпісанні ўрачоў.
— Таму і ў цэлым колькасць выклікаў у нас не павялічылася — прыкладна 400 выездаў у суткі, — знаёміць з сітуацыяй Віктар Гоманаў. — А вось пераразмеркаванне патокаў прыкметна: прастудных сімптомаў стала больш. Але ж мы яшчэ ўзялі на сябе і частку нагрузкі паліклінік, якім часта даводзіцца абслугоўваць пацыентаў на даму.
Напружаны, але не надзвычайны рытм
З дынаміка гучна гучыць: «Сотая брыгада, на выезд!» Кіроўца Ігар Самцоў расхінае дзверы — разам з урачом Ларысай Храпавіцкай, фельчарам Максімам Божковым і санітарам Аляксандрам Цітовым займаем месцы. Выклік — на вуліцу Праўды, жанчына 60 гадоў страціла прытомнасць. Лічаныя хвіліны, і мы ля парога. Лідзія Паўлаўна ачуняла, напалоханая дачка клапоціцца побач. Пацыентка прызналася: у яе дыябет, яна ўкалола інсулін, а вось паесці забыла. Патрабуецца ўвядзенне глюкозы. Пара хвілін — і стан стабілізаваны. Ад паездкі ў бальніцу пенсіянерка адмаўляецца — сваякі паглядзяць.
Не паспелі вярнуцца на базу — наступны выклік. Мужчына 55 гадоў упаў са лесвіцы — рамантаваў столь. Агледзелі, адвезлі ў траўмпункт з падазрэннем на пералом рабра. Потым яшчэ былі пацыентка-сэрцавік з прыступам ішэміі і дзядуля з інсультам... Вопытныя ўрачы ўсюды паспелі ў час. Чым і пацвердзілі галоўнае: COVID-19 аператыўнасці не перашкода.
Дарэчы, са слоў дзяўчат-дыспетчараў, калі б званкі на лінію «103» не адфільтроўваліся па ступені важнасці, то вольных брыгад дакладна не было б. Напрыклад, тэлефанаваў мужчына і патрабаваў прывезці дадому ахоўныя маскі: сам ён з дому ў аптэку выйсці баіцца. У другога тэмпература паднялася да 37,5 — звычайная сезонная рэспіраторная інфекцыя, але ён тройчы ставіў ультыматум: або вазьміце ў мяне мазкі на COVID-19, або буду скардзіцца. А часам пацыенты крывяць душой, адмыслова прыпісваючы сабе неіснуючыя кантакты з інфікаванымі. Нярэдка падымаюць паніку з-за банальнага чхання або насмарку. Што зробіш, падвышаная трывожнасць — прымета апошніх тыдняў…