Памочнік Прэзідэнта Беларусі – інспектар па Віцебскай вобласці Віталь Воўк правёў асабісты прыём у Міёрах
На прыём да памочніка Прэзідэнта прыйшлі прадстаўнікі Міёрскага льнозавода і ТАА «БелЛиненГрупп», а таксама 12 грамадзян з просьбай паспрыяць у вырашэнні грамадска значнай або асабістай праблемы.
Льнозавод і камерцыйная структура ў цяжкі для прадпрыемства час хацелі б працягнуць узаемавыгаднае супрацоўніцтва.
Перапрацоўшчыкі – атрымаць ад партнёра, як і ў мінулым годзе, сродкі на падрыхтоўку тэхнікі і абсталявання да сезона, а ТАА у выглядзе аплаты за свае ўкладанні – валакно. Але для яго экспарту ў Кітай апошнім патрэбна ліцэнзія, паскорыць атрыманне якой яны прасілі Віталя Міхайлавіча.
Выслухаўшы аргументацыю абодвух бакоў, памочнік Прэзідэнта прапанаваў ім дзяржаўны падыход да вырашэння праблемы – заключэнне інвестыцыйнага дагавора, дзе будуць улічаны інтарэсы краіны, прадпрыемства і прыватнай структуры.
Паўтаратысячную Дзісну прадставіла на прыёме прадпрымальніца Наталля Астроўская. Размова ішла аб недахопе працоўных месцаў і неабходнасці захавання старых будынкаў пабудовы XVIII – пачатку XIX стагоддзяў, частка якіх знесена, хоць былі жадаючыя купіць іх. На пытанне, як асабіста яна ўдзельнічае ў вырашэнні гарадскіх праблем, Наталля Фёдараўна адказала, што арганізавала ў сваёй фірме 5 працоўных месцаў, цяпер займаецца адкрыццём кафэ і хацела б стварыць у Дзісне арт-пляцоўку, на якую, праўда, у яе недастаткова фінансаў.
Віталь Воўк падказаў выйсце з сітуацыі: напісаць бізнес-план, абмеркаваць яго з мясцовай уладай, і калі праект будзе цікавы, прасіць райвыканкам выступіць гарантам перад банкам для атрымання крэдыту.
На дрэнны стан дарог паскардзіліся некалькі жыхароў невялікіх аддаленых вёсак. Яны прасілі, каб дарожнікі адрамантавалі подъезды да іх населеных пунктаў.
Прасілі памочніка Прэзідэнта разабрацца і ў землеўпарадкавальных пытаннях. Мяжы ўчасткаў ужо не першы год з'яўляюцца прадметам канфлікту паміж суседзямі. Віталь Воўк абяцаў, што ў агучаных праблемах будзе пастаўлена кропка.
Станоўчае рашэнне сваёй просьбы атрымаў індывідуальны прадпрымальнік Віталь Лапкоўскі, які аказваў транспартныя паслугі спажывецкаму таварыству і застаўся без аплаты за іх па прычыне банкруцтва гандлёвай арганізацыі. Віталь Воўк прапанаваў яе прадстаўніку разлічыцца з кіроўцам прадуктамі, прычым па цане таго часу, калі ўтварыўся доўг.
Прама на прыёме быў разгледжаны і зварот прадстаўнікоў належнага ААТ «Міёрскі аграсэрвіс» жылога дома, які патрабуе капітальнага рамонту. Уладальнік атрымаў заданне тэрмінова ўстараніць працяканне даху, а да лета распрацаваць праект рамонту будынка.
Падводзячы вынікі, Віталь Міхайлавіч падкрэсліў важнасць такіх сустрэч. Разуменне таго, што хвалюе грамадзян, дазваляе ацаніць, як на месцах улада рэагуе на запыты насельніцтва. Вельмі важна дапамагчы кожнаму канкрэтнаму чалавеку і зрабіць высновы, каб у далейшым падобныя сітуацыі не паўтарыліся з іншымі людзьмі.