Памочнік Прэзідэнта Ігар Брыло правёў прыём грамадзян і "прамую лінію" у Гарадку

Помощник Президента Игорь Брыло провел прием граждан и "прямую линию" в Городке
Сустрэчу з грамадзянамі і «прамую лінію» правёў з жыхарамі Гарадоцкага раёна памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло.

Магчымасцю звярнуцца са сваімі праблемамі скарысталіся не толькі мясцовыя жыхары, але і жыхары Віцебска.

Галоўны спектр пытанняў быў звязаны са станам дарог і вуліц, а таксама жылога фонду. Чатыры жыхары абласнога цэнтра звярнуліся з праблемай, якая звязана з раёнам прыватнай жылой забудовы Арэхава, дзе ёсць неабходнасць у правядзенні камунікацый.

Пытанні, якія хвалююць жыхароў вуліцы Паўночнай, якая адносіцца да аграгарадка Верамееўка, агучыў мясцовы жыхар. Людзі маюць патрэбу не толькі ў якасным дарожным пакрыцці, але і ў добраўпарадкаванні пешаходнай дарожкі, бо тут жыве шмат дзяцей. Акрамя таго, вуліца зарасла кустамі, сваімі сіламі насельніцтва не спраўляецца з расліннасцю. Старшыня райвыканкама Ірына Палякова ўвяла ў курс справы па стане дарог у рэгіёне. Заасфальтаваць праблемны ўчастак вуліцы Паўночнай пакуль няма магчымасці, на ёй час ад часу праводзіцца грэйдзіраванне. Зараз мясцовая ўлада прапрацоўвае з вобласцю пытанне аб адсыпцы шчэбнем самых праблемных участкаў.

Ігар Брыло ўзяў гэтае пытанне на заметку і парэкамендаваў уключыць Паўночную ў планы наступнага года. Будзе таксама вырашацца пытанне і з паляпшэннем стану дарогі на Зарачча. З такой просьбай звярнулася жыхарка Гарадка. Прадстаўнікі мясцовай улады падчас «прамой лініі» прынялі рашэнне ў бліжэйшы час прагрэйдзіраваць яе.

Былі звароты, звязаныя з рознымі сямейнымі абставінамі людзей. Усе паднятыя пытанні ўзяты на кантроль. Ігар Брыло паабяцаў дэталёва разабрацца ў кожнай сітуацыі.