Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч наведаў Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж
Дырэктар каледжа Аляксандр Ласякін правёў пазнавальную экскурсію па навучальных корпусах і вучэбна-вытворчых майстэрнях каледжа. Побывалі і ў рэсурсным цэнтры «Будаўнічыя тэхналогіі», які быў адкрыты ў снежні 2019 года і стаў першым у Віцебскай вобласці. Тут удасканальваюць прафесійныя навыкі навучэнцы не толькі каледжа, але і аднапрофільных устаноў адукацыі паўночнага рэгіёну. Акрамя таго, гэтая пляцоўка з'яўляецца базай для павышэння кваліфікацыі і стажыроўкі педагагічных работнікаў і рабочых, майстроў будаўнічых арганізацый.
Па словах загадчыка рэсурсным цэнтрам Алены Ерашэнка, сіламі калектыву каледжа і навучэнцаў адрамантавана двухпавярховы будынак плошчай больш за 2500 кв. м. На рамонт і аснашчэнне найноўшым высокатэхналагічным абсталяваннем затрачана звыш 850 тысяч руб.
Анатоль Ліневіч таксама наведаў інтэрнат, які ўведзены ў эксплуатацыю ў 2020-м пасля капітальнага рамонту. Тут цалкам заменены інжынерныя камунікацыі, закуплена мэбля.
На сустрэчы з актывам каледжа і навучэнцамі памочнік Прэзідэнта адзначыў, што хацеў бы, каб гутарка была пабудавана ў выглядзе дыялогу. Пытанні былі разнапланавыя. Тычыліся абмену вопытам з замежнымі студэнтамі, працы ў студэнцкіх працоўных атрадах, службы ва Узброеных Сілах па спецыяльнасці, атрыманай у каледжы, бясплатнага праезду для студэнтаў і навучэнцаў. Анатоль Канстанцінавіч запэўніў, што ўсе пытанні будуць вывучаны, а наконт апошняга сказаў наступнае:
– Не трэба ператвараць краіну ў краіну льготнікаў. Школьнік не гатовы сам аплаціць білет. Студэнты і навучэнцы атрымліваюць стыпендыю, у іх наступае своеасаблівая адказнасць, прыходзіць разуменне, што ў жыцці бясплатнага нічога няма. Але мы гэтае пытанне вывучым. Магчыма, вырашыць праблему можна, купіўшы пару аўтобусаў, каб вазіць навучэнцаў з інтэрната ў навучальны корпус.
Што тычыцца дыстанцыйнага навучання, то памочнік Прэзідэнта ставіцца да яго 50/50. Некаторыя прадметы, напрамкі можна вывучаць і такім спосабам.
– Але, вядома, цагляную муроўку ўкласці дыстанцыйна навучэнец не зможа, – адзначыў Анатоль Ліневіч. – Ёсць веды і навыкі выкладчыкаў, якія неабходна прапускаць праз сэрца. Ад гэтага будзе залежаць узровень падрыхтоўкі спецыяліста.
Памочнік Прэзідэнта таксама закрануў тэму, звязаную з удзелам моладзі ў несанкцыянаваных мерапрыемствах.
– Што яшчэ трэба моладзі для таго, каб сваю энергію, тэмперамент накіраваць у правільнае рэчышча? – пацікавіўся Анатоль Ліневіч. – Пакуль фарміруецца асоба, неабходна прыслухоўвацца да мудрых бацькоў, выкладчыкаў. Мы жывём у прыгожай незалежнай краіне. Бываючы далёка за межамі Радзімы, хочацца як мага хутчэй вярнуцца дадому. Чалавека заўсёды цягне туды, дзе ён нарадзіўся, дзе выхаваны. Бо ў жыцці больш за ўсё запамінаюцца дзяцінства, месца, дзе яго правёў.
Выказаўшы словы падзякі Аляксандру Ласякіну за праведзеную працу ў каледжы, памочнік Прэзідэнта падкрэсліў, што людзі, калі робяць нешта добрае, пакідаюць пасля сябе добры след у жыцці, іх аўтарытэт вельмі высокі.
У каледжы функцыянуюць вочнае, вячэрняе і завочнае аддзяленні. Навучаецца каля 2000 навучэнцаў па 41 спецыяльнасці і прафесіі.