Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч: пасля асабістага прыёму грамадзян не застаецца невырашальных пытанняў
Анатоль Ліневіч адзначыў: пытанні, якія ўзнімалі жыхары рэгіёна, можна вырашыць на мясцовым узроўні. "Іх трэба вывучыць глыбей з выездам на месца: дадаткова выканаць работы або перанесці іх на больш спрыяльны перыяд, у прыватнасці, па падсыпцы дарог. Праводзіць прамыя лініі і асабісты прыём грамадзян неабходна сістэмна, гэта дазваляе вызначыць вузкі спектр напрамкаў, па якіх варта разбірацца ў дэталях і на якія звярнуць увагу. У час такіх сустрэч чуеш ацэнку работы мясцовай улады грамадзянамі, хоць часам яна і дзесьці ўскосна гучыць. Усе ўзнятыя пытанні пераходзяць у разрад вырашальных, невырашальных не застаецца. Што тычыцца прыёму ў Аршанскім раёне, то праблемы, якія хвалююць людзей, былі распаўсюджанымі - гэта ЖКГ і стан дарог", - падкрэсліў Анатоль Ліневіч.
Да памочніка Прэзідэнта на тэлефонную лінію і асабісты прыём звярнуліся 16 грамадзян, двое з іх з Наваполацка, астатнія з Аршаншчыны. Самыя распаўсюджаныя звароты тычыліся стану дарог і работы прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі на месцах.
Жыхара аграгарадка Бабінічы турбуюць высокія абочыны дарогі, якія ўтвараюцца пасля грэйдзіравання на вуліцы, дзе ён жыве. Мужчына папрасіў падняць узровень дарожнага палатна, каб падчас дажджоў бруд з абочын не сцякаў на праезную частку. Анатоль Ліневіч даручыў правесці работы ў аграгарадку з наступленнем спрыяльнага надвор'я.
Рамонт дарогі патрэбен і ў вёсцы Будзішча. Сельчанка, якая патэлефанавала памочніку Прэзідэнта, паведаміла, што пракласці новую дарогу трэба ўсяго на 600 м. Гэта дазволіць машынам хуткай дапамогі і газавай службы, а таксама аўталаўцы дабірацца да жыхароў Будзішча ў любую надвор'е. Анатоль Ліневіч адзначыў, што дадзеную праблему трэба вырашыць у найкароткія тэрміны, улічваючы ўмовы надвор'я.
На працу жыллёва-камунальнай сферы ў жыхароў Аршанскага раёна і Наваполацка ёсць нараканні. Праблемы ацяплення, недастатковай колькасці гарачай вады ў старых "хрушчоўках", павышэння платы за камунальныя паслугі, адсутнасці капрамонту – гэта толькі некаторыя з узнімаемых. Былі і пытанні, якія патрабуюць індывідуальнага падыходу і разгляду на ўзроўні райвыканкама. Зварот адной з такіх грамадзян датычыўся жыхаркі райцэнтра, якая папрасіла зрабіць рамонт у бараку 1946 года пабудовы. Анатоль Ліневіч даручыў разгледзець гэту справу больш глыбока. Адпаведныя спецыялісты абследуюць жыллёвыя ўмовы ў бараку і, калі будынак будзе прызнаны непрыдатным для пражывання, прадаставяць васьмі сем'ям жыллё ўзамен, а састарэлае збудаванне знесуць.
Падчас прамой лініі паступіў званок ад жыхаркі вёскі Браздзечна, якая пацікавілася вынікамі мінулага VI Усебеларускага народнага сходу, за трансляцыяй якога сачыла з вялікай увагай. У прыватнасці, яна хацела даведацца, якія змены чакаюць нашу краіну. Анатоль Ліневіч запэўніў, што дэпутаты мясцовага Савета правядуць на гэту тэму сустрэчу з жыхарамі вёскі, пра месца і час якой заяўніцы паведамяць дадаткова.
Аршанка, якая патэлефанавала на прамую лінію, уздымала тэму рамонту моста ў вёсцы Целянтэева, дзе ў яе дача. Гэтае пытанне, як паведамілі адразу ж пасля яе званка прадстаўнікі райвыканкама, знаходзіцца на кантролі як раённай улады, так і мясцовага сельсавета. Актыўныя жыхары вёскі і кіраўнікі прадпрыемства, якое знаходзіцца там жа, з пачаткам цёплага перыяду супольна займуцца рамонтам моста, на які ўжо выдзелены матэрыялы.
Жыхарка Наваполацка звярнулася да памочніка Прэзідэнта ад імя свайго мужа. Яго абвінавачваюць у збіцці жанчыны, якую заяўніца ведае асабіста. Яна сцвярджае, што яе муж ні ў чым не вінаваты і што ён праходзіў праверку на дэтэктары хлусні ў Мінску, якая паказала правату слоў мужчыны. Пацярпелая ад праходжання такой жа працэдуры адмовілася. Анатоль Ліневіч папрасіў пераслаць усе матэрыялы справы ў аблвыканкам у службу "Адзінае акно" на яго імя. Гэтым пытаннем ён зоймецца асабіста.
Дзве аршанкі, адзінокія маці, не могуць знайсці агульную мову з кіраўніцтвам прадпрыемства, дзе працуюць. На асабісты прыём да памочніка Прэзідэнта яны прыйшлі з надзеяй на дапамогу ў вырашэнні канфлікту. Тут жа прысутнічалі прадстаўнікі адміністрацыі фірмы, уключаючы кіраўніка. Абмеркаванне не прывяло да поўнага вырашэння пытання, але Анатоль Ліневіч даручыў спецыялістам райвыканкама дапамагчы знайсці кампраміс у гэтай справе.
Вырашэнне іншых пытанняў заяўнікаў патрабавала ўмяшання судовых інстанцый, пракуратуры і іншых кампетэнтных органаў. Па ўсіх зваротах памочнік Прэзідэнта даў даручэнні, некаторыя ўзяў на асабісты кантроль.