Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч правёў асабісты прыём грамадзян у Віцебску

На чарговы асабісты прыём да памочніка Прэзідэнта — інспектара па Віцебскай вобласці Анатоля Ліневіча, які прайшоў у Віцебску 30 лістапада, запісаліся 10 чалавек, больш за палову — з раёнаў. У выніку размова расцягнулася на 3 гадзіны, прычым усе паступіўшыя пытанні патрабуюць дадатковага вывучэння для прыняцця збалансаванага рашэння — па законе, але з улікам запыту грамадзян на справядлівасць.

Выключэннем аказалася толькі зварот віцябчанкі ад імя жыхароў прыватнага сектара мікрараёна Білева наконт аднаўлення маршрутаў грамадскага транспарту праз прыпынак «Вул. Акцёраў Ераменка». Да нядаўняга часу жыхары ўскраіны маглі дабрацца дадому на аўтобусах №№ 34, 27, а цяпер – толькі на маршрутным таксі. Звароты ў кампетэнтныя інстанцыі аказваліся безвыніковымі: маўляў, найбліжэйшыя прыпынкі знаходзяцца ў пешай даступнасці.

– Калі грамадзянам нязручна, то іншых аргументаў не патрабуецца для таго, каб знайсці магчымасці пайсці людзям насустрач, – даў Анатоль Ліневіч даручэнне прадстаўнікам ДВА «Аператар перавозак».

З 1 снежня праз гэты прыпынак праходзяць маршруты аўтобусаў №№ 4, 106 «Віцебскаблаўтатранса».

НА ПЛЕЧАХ БАБУЛІ

Выйсце з сітуацыі, у якой апынулася 73-гадовая віцябчанка, будуць шукаць па даручэнні памочніка Прэзідэнта прадстаўнікі аблвыканкама, адміністрацый Віцебскага раёна і абласнога цэнтра. Без таго няпростае жыццё пажылой жанчыны набыло зусім драматычны адценне на пенсіі. Яе дачка з мужам і маленькім дзіцем, а таксама ўнучка з трыма дзецьмі пражывалі ў двухпакаёвай кватэры ў Наўцы. Жанчына страціла працу на мясцовым плодаагароднінным камбінаце, у пошуках заробку з'ехала ў Расію, і больш за 4 гады ад яе няма вестак, у тым ліку другі год лічыцца ў вышуку. Пасля гэтага пенсіянерку накрыла хваля праблем. Зяць пачаў співацца, разам з даўгамі ўзнікла пагроза страты працы, пазбаўлення бацькоўства і перадачы дзіцяці ў сацыяльны прытулак.

– У гэтай сітуацыі я прыняла рашэнне пераехаць з Віцебска ў Ноўку, каб устрымаць мужчыну ад падзення і нагадваць яму аб бацькоўскім абавязку. Унучка з праўнукамі перабралася ў маю аднапакаёвую кватэру ў Віцебск і зарэгістравалася там. Задачу-мінімум я выканала – узяла зяця ў рукі, сачу за тым, каб працаваў, выплачваў доўг, нават нягледзячы на тое, што даводзіцца жыць толькі на маю пенсію, – падзялілася Святлана Цімафееўна.

Тым часам унучка вырашыла стаць на ўлік у гарвыканкаме на паляпшэнне жыллёвых умоў як шматдзетная маці. Але атрымала адмову. Падстава – паколькі бабуля не стаяла на ўліку як тая, што мае патрэбу, а пасля рэгістрацыі ўнучкі з трыма дзецьмі яе жыллёвыя ўмовы пагоршыліся, то жанчына губляе права пастаноўкі на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў на працягу 5 гадоў. Так гаворыць закон.

– Мне патрэбна слушная парада, як выйсці з сітуацыі! Спадзяюся на вас, ісці далей у мяне ўжо няма сіл, – уздыхнула Святлана Цімафееўна.

– Сапраўды, ёсць закон, ніхто не мае права яго парушаць, як бы цяжка ці балюча камусьці ні было. Разам з тым у заканадаўстве ўсе выпадкі не прапішаш. У кожнай сітуацыі трэба ісці ад жыцця. Да гэтага пастаянна заклікае і кіраўнік дзяржавы – падыходзіць да вырашэння праблем грамадзян у тым ліку з пазіцыі справядлівасці. Будзем шукаць выхад з сітуацыі з улікам заканадаўства, каб у найбліжэйшы час змаглі прыняць рашэнне, якое вас задаволіць, – растлумачыў Анатоль Ліневіч.

СЯМЕЙНАЯ ГІСТОРЫЯ – ВАЧЫМА МУЖЧЫНЫ

Ад спрытных аліментшчыкаў, якія гадамі не выплачваюць грошы на ўтрыманне дзяцей, пакутуюць не толькі жанчыны. Да памочніка Прэзідэнта звярнуўся 60-гадовы жыхар Віцебска. Больш за год мужчына спрабуе дамагчыся выплаты аліментаў на сына ад былой жонкі. Жанчына не працуе, утварылася значная запазычанасць – больш за 13 тыс. рублёў. Сітуацыю ўскладняе кватэрнае пытанне.

У якасці магчымага выхаду ён просіць аказаць садзейнічанне ў працаўладкаванні былой жонкі, каб, атрымліваючы зарплату, яна магла выплачваць грошы на ўтрыманне непаўналетняга сына. Па даручэнні Анатоля Ліневіча гэтым пытаннем будуць займацца ўпраўленне юстыцыі і УУС.

Падводзячы вынік асабістага прыёму, Анатоль Ліневіч адзначыў разнастайнасць паступіўшых зваротаў, сярод якіх былі зямельныя спрэчкі, жыллёвыя пытанні, пошук справядлівасці ва ўзаемаадносінах падначаленага з кіраўніком, камерсанта з праваахоўнымі органамі. Усе хочуць справядлівасці, але разумеюць яе па-рознаму. Таму нічога іншага, як строга выконваць закон, не застаецца…

"Віцебскія весці".