Памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Віталь Воўк правёў прыём грамадзян у Лёзне
Жыхарка д. 6 па вул. Чкалава ў райцэнтры паскардзілася на дрэнную якасць вады. Прычына – свідравіна і станцыя абезжалезвання не працуюць.
Прадстаўнікам «Віцебскаблводаканала», якому належаць мясцовыя водаправодна-каналізацыйныя сеткі, даручана арганізаваць тэрміновую падвозку вады, часовае падключэнне ад дзеючага водазабору, а да 1 красавіка – пастаяннае, з трубой большага дыяметра.
Акрамя таго, у бягучым годзе дом будзе пастаўлены на капрамонт, падчас якога рэканструююць і водаправод. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што вада стала чысцейшай.
Жыхар аграгарадка Дабрамыслі атрымаў кансультацыю з нагоды пенсіі, а яшчэ раённыя ўлады паспрыяюць яму – па прапанове памочніка Прэзідэнта – у працаўладкаванні.
Лёзненскай пенсіянерцы, якая з'яўляецца апекуном двух унукаў, было дадзена падрабязнае тлумачэнне адносна змяненняў яе жыллёвых умоў. З улікам неадназначнай сітуацыі, якая склалася ў гэтай сям'і, памочнік Прэзідэнта даручыў адпаведным мясцовым службам разабрацца, чым ёй можна дапамагчы дадаткова.
У жыхара Оршы Віталь Воўк прыняў заяву, якая тычыцца вызначэння інваліднасці, для разгляду ва ўпраўленні аховы здароўя аблвыканкама.
Старшыні садаводчых таварыстваў «Усходняя» і «Лучоса» звярталіся на прыём з пытаннямі аб аплаце зямельнага падатку юрыдычнымі асобамі (садаводчымі таварыствамі) за невыкарыстаныя (пустуючыя) зямельныя ўчасткі, а таксама ведамаснай справаздачнасцю. Ім рэкамендавана правесці ў бліжэйшы час сходы членаў таварыстваў з удзелам прадстаўнікоў землеўпарадкавальных і падатковых службаў, каб прааналізаваць і растлумачыць зацікаўленым бакам сітуацыю, а таксама разгледзець магчымасці прыцягнення ў таварыства гаспадароў для пустуючых участкаў.
Выслухаўшы сем чалавек і падводзячы вынікі прыёму, Віталь Воўк адзначыў, што на Лёзненшчыне актуальныя пытанні, характэрныя і для іншых рэгіёнаў вобласці, – зямельныя, жыллёва-камунальныя. Улада ў стане іх своечасова выяўляць і вырашаць.