Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Віталь Воўк правёў прыём грамадзян у Шумілінскім раёне

19 сакавіка памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Віталь Воўк правёў прыём грамадзян у Шумілінскім раёне. Сем чалавек скарысталіся магчымасцю падзяліцца сваёй праблемай. Былі закрануты пытанні якасці рамонту жылля УП ЖКГ, закрыцця сельскіх устаноў адукацыі, землекарыстання, газіфікацыі і іншыя.

Да прыкладу, маладыя бацькі з вёскі Язвіна, што за некалькі кіламетраў ад райцэнтра, занепакоены чуткамі аб закрыцці ў сваім населеным пункце ясляў-сада. Старшыня райвыканкама Алег Быкаў завеpыў, што фінансаванне ўстановы адукацыі прадугледжана да канца года, і аб закрыцці саду размовы на сённяшні дзень не ідзе.

Як растлумачыла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова, гэты сад рэгулярна наведваюць 3-5 чалавек. Для таго, каб установа стабільна функцыянавала, яго павінны наведваць 10-12 выхаванцаў. У бліжэйшы час гэта будзе растлумачана жыхарам вёскі на сходзе.

З калектыўным зваротам прыйшлі на прыём жыльцы дома № 62 па вуліцы Сіпко ў райцэнтры. Іх дом прызнаны аварыйным, у сувязі з чым усіх жыльцоў папярэдзілі аб неабходнасці пераезду ў інтэрнат або іншае часовае жыллё. Так вось яны баяцца, што гэта самае часовае жыллё стане для іх пастаянным, і кватэр у новым доме, які будзе пабудаваны летам наступнага года, яны не ўбачаць. Кіраўніцтву раёна ўдалося пераканаць іх у адваротным, і людзі пагадзіліся пакінуць аварыйнае жыллё.

– Каб не страціць крэдыт даверу насельніцтва, мясцовая ўлада павінна заўсёды выконваць свае абяцанні, – рэзюмаваў памочнік Прэзідэнта. – Любы кіраўнік павінен трымаць сваё слова. Асабліва гэта відавочна, калі менавіта чыноўнікі не выконваюць свае абавязацельствы. І людзі гэта бачаць. Тады губляецца вера ў уладу. А гэтага дапусціць нельга.

Віталь Воўк станоўча ацаніў працу ўлады ў Шумілінскім раёне, заўважыўшы, што тут шмат што робіцца, у тым ліку па добраўпарадкаванні, і райцэнтр выглядае прывабна.


"Віцьбічы".