Каля 60% вітаміннай прадукцыі полацкага цяплічнага камбіната экспартуецца ў Расію
Нягледзячы на ваганні знешняй тэмпературы, у энергазберагальных цяпліцах заўсёды цёпла і вільготна — гэта абавязковая ўмова для вырошчвання гародніны. Але для таго, каб яно было паспяховым, камфортнага для раслін мікраклімату недастаткова: патрэбны клапатлівыя рукі і прафесіяналізм. Сыход за таматамі, пад якія адведзена 3,8 га, ажыццяўляецца сіламі 38 цяплічніц, у кожнай на апецы больш за 2 000 раслін. Праца агародніннікаў нялёгкая, але вынік уражвае: у мінулым месяцы сабралі 290 тон. Як заўсёды, у ліку лепшых – Таццяна Кныш і Валянціна Парадня (на фота), якія атрымалі багаты ўраджай – па 28 кг таматаў з кв. м. Па ўласным вопыце жанчыны ведаюць, што гэта не мяжа, паколькі сезон працягнецца да лістапада. У планах — дамагчыся 50 кг з той жа плошчы, і рэзервы ёсць. Полацкія спецыялісты штогод выпрабоўваюць новыя гібрыды, але стаўку робяць на правераныя гатункі. Сёлета аддалі перавагу «тарэра».
— У першую чаргу мы арыентуемся на смак спажыўца, — распавёў дырэктар філіяла Андрэй Нікіфароў. – Толькі пры такой умове рэалізацыя агародніны абароненага грунту можа быць прыбыльнай справай.
Таматы на камбінаце вырошчваюцца метадам малааб'ёмнай гідрапонікі, у ёмістасцях з мінеральнай ватай, атрымліваючы ў залежнасці ад сезона і велічыні расліны харчаванне праз кропельніцы. Штотыдзень дарослая расліна дае адну завязь, для паўнавартаснага фарміравання якой трэба рэгулярна выдаляць пасынкі. Што тычыцца хімапрацовак, то на камбінаце ўжо некалькі гадоў запар аддаюць перавагу біяметаду — вырошчванню экалагічна чыстай прадукцыі. Для гэтага падбіраюцца ўстойлівыя да захворванняў гатункі.
— Нашы таматы можна купіць не толькі ў Полацку і Наваполацку, — тлумачыць Андрэй Нікіфароў. — Арганізавана выязны гандаль ва Ушачах, Глыбокім, яны практычна заўсёды ёсць на прылаўках «Весты»,«Еўраопта», «Віцебскіх прадуктаў». Парадкава 60% экспартуецца ў Расію.
Вялікі плюс таматаў, тлумачыць дырэктар, — высокая ляжкосць, што палягчае рэалізацыю. Добры прыбытак таксама прыносяць вырошчваемыя ў філіяле агародніна адкрытага грунту: капуста, буракі, морква. Сёлета дадаткова павялічылі плошчу, пасадзіўшы агуркі, пекінскую капусту, цыбулю на пяро, кроп, каляровую капусту, брокалі, гарбуз і кабачкі. А яшчэ да верасня на крамных прылаўках традыцыйна з'явяцца зялёныя культуры — салат, базілік, рукала, кроп, пятрушка – у фірмовай упакоўцы з пазнавальным лагатыпам прадпрыемства.
Таццяны СЕРЕБРЯКОВА, фота аўтара. «Віцебскія весці».