Парадак увозу грамадзянамі аўтамабіляў з Беларусі ў Расію будзе спрошчаны
1 сакавіка, Мінск /Лія Крапівіна - БЕЛТА/. Парадак увозу грамадзянамі легкавых аўтамабіляў з Беларусі ў Расію будзе спрошчаны. Пра гэта паведаміў сёння журналістам начальнік упраўлення арганізацыі мытнага кантролю Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Уладзімір Арлоўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
З другой паловы сакавіка 2011 года расійская мытня не будзе патрабаваць даведак ад фізічных асоб на вываз аўтамабіляў з Беларусі. Пра гэта дамовіліся кіраўнікі мытных службаў Беларусі і Расіі 25 лютага на сустрэчы ў Маскве.
Кіраўнікі мытных службаў краін Мытнага саюза разгледзелі пытанні ўзаемадзеяння мытных органаў трох краін пры пераносе мытнага кантролю на знешнюю мяжу саюза. Кіраўнікі ДМК Беларусі і Федэральнай мытнай службы Расіі дамовіліся аб інфармацыйным узаемадзеянні пры пацвярджэнні расійскімі мытнымі органамі статусу транспартных сродкаў для асабістага карыстання, знятых з рэгістрацыйнага ўліку ў Беларусі. "Гэта дазволіць мытным органам Расіі з другой паловы сакавіка спыніць патрабаваць у фізічных асоб мытныя дакументы, якія пацвярджаюць дату мытнага афармлення транспартнага сродку ў Беларусі да 1 студзеня 2010 года", - адзначыў Уладзімір Арлоўскі.
Дзейныя ў цяперашні час даведкі будуць адменены, гэта значыць вываз з Беларусі на тэрыторыю Расіі транспартнага сродку будзе спрошчаны. Грамадзяне, якія набылі аўтамабілі да 1 студзеня 2010 года, змогуць прадаць іх у Расіі без даведак.-0-