Партрэты сучасных беларускіх пісьменнікаў могуць стаць часткай экспазіцыі музея кнігадрукавання ў Полацку

2 мая, Полацк /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Партрэты сучасных беларускіх пісьменнікаў павінны стаць часткай экспазіцыі музея беларускага кнігадрукавання — філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Такую думку выказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, які праводзіў у Полацку рабочую нараду, прысвечаную падрыхтоўцы горада да святкавання 1150-годдзя і рэалізацыі канцэпцыі развіцця інфраструктуры гістарычных раёнаў горада, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Год кнігі будзе пераломным для музея. Адзіны ў сваім родзе ў Беларусі, ён павінен прапагандаваць кнігу і пісьменнікаў", — упэўнены губернатар. На яго думку, экспазіцыю неабходна дапоўніць партрэтамі беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку і цяпер жывых. Аляксандр Косінец лічыць неабходным адкрыць пры музеі кнігарню, дзе можна было б набыць навінкі беларускай літаратуры, а таксама пашырыць асартымент сувенірнай прадукцыі. Атрыманне дадатковых сродкаў дазволіць павысіць заработныя платы супрацоўнікаў музея, канстатаваў ён. Па словах выканаючай абавязкі дырэктара Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамары Джумантаевай, у цяперашні час у філіяле прадаецца каля 30 найменняў сувенірнай прадукцыі. За чатыры месяцы бягучага года яе рэалізавана на Br23 млн. -0-