Пасёлак Болбасава Аршанскага раёна атрымаў другое жыццё дзякуючы падтрымцы дзяржавы

Сёння ў гэты былы ваенны гарадок перасяляюцца сем'ямі з Оршы і блізкага замежжа.

«Шыкоўнае месца, лепш не прыдумаеш! Чаму б тут людзям не жыць?» — задаўся пытаннем Аляксандр Лукашэнка, наведваючы гарадскі пасёлак Балбасава Аршанскага раёна летам 2018 года. З таго часу прайшло крыху больш за два гады, а былы ваенны гарадок не пазнаць: новыя сацыяльныя аб'екты, добраўпарадкаваныя вуліцы, сучасныя спартыўныя пляцоўкі… «Пасёлак будучыні» або «другая Копысь» — так часам называюць Балбасава, які атрымаў другое жыццё дзякуючы падтрымцы дзяржавы.

Пра змены там усё ведае старшыня Балбасаўскага пасялковага выканаўчага камітэта Глеб Гулянкоў (на здымку). Паводле яго слоў, многае ўжо зроблена, цяпер галоўнае — падтрымаць і прымножыць дасягнуты вынік:

— Балбасава раней называўся ваенным гарадком № 20, а ў 1995-м перайшоў у разрад грамадзянскіх. Насельніцтва — амаль 4 тысячы чалавек, асноўная частка яго — працаздольныя. Таму меры, прынятыя дзяржавай па развіцці пасёлка, былі неабходныя. У план па добраўпарадкаванні, якое пачалося ў 2018 годзе, увайшло каля 70 пунктаў, якія тычацца ЖКГ, аховы здароўя, адукацыі, будаўніцтва, навядзення парадку. Вырашана пытанне са станцыяй абезжалезвання: вада цяпер чыстая і без паху. Праведзены валаконна-аптычныя лініі, уклалі 1,5 кіламетра цеплатрасы з частковай заменай труб. Адрэмантавалі і рэканструявалі мясцовую бальніцу, Дом культуры, дзіцячы сад і школу, дзе вучыцца каля 300 дзяцей. І вось самы прыемны для мяне і бачны для ўсіх нас вынік перамен: другі год набіраем па два першыя класы вучняў замест аднаго, як было раней. На сто працэнтаў вырашаны праблемы з дарогамі і тратуарамі: усюды новы асфальт, пабудаваны аўтамабільныя стаянкі, устаноўлена асвятленне паркавых зон. Капітальны рамонт зроблены ў 17 шматкватэрных жылых дамах з 50, ва ўсіх астатніх прыведзены ў парадак фасады — афарбаваны ў адзіным стылі. Для дзяцей у пасёлку з дапамогай спонсараў усталявалі дзве сучасныя спартыўна-гульнявыя пляцоўкі агульным коштам каля 100 тысяч рублёў. Усяго на добраўпарадкаванне Балбасава асвоена 7,5 мільёна рублёў, з іх 2 мільёны — дадатковыя сродкі, выдзеленыя па даручэнні Прэзідэнта.


У лістападзе будзе здадзены рэканструяваны стадыён. Яго мадэрнізацыю зрабілі з асабістай падачы Кіраўніка дзяржавы, які, наведваючы Болбасава, звярнуў увагу на дрэнны стан спартыўнага аб'екта. І вось стадыён не пазнаць: навесы над трыбунамі, новыя прафесійныя бегавыя дарожкі, гульнявыя зоны… 

Пераязджаюць у Болбасава не толькі з Оршы і бліжэйшых населеных пунктаў цэлымі сем'ямі, але і з блізкага замежжа. 

Сям'я Ільчанка прыехала ў Болбасава з Украіны, калі пазітыўныя змены толькі пачыналіся. Алег працуе ў ААТ «Аршанскі АРЗ» майстрам вытворчага ўчастка, Марына — кухар у дзіцячым садзе. 

— Алег працаваў на аналагічным заводзе ва Украіне, — распавядае Марына. — Калі прадпрыемства перажывала не лепшыя часы і пачалі хадзіць чуткі аб закрыцці, даведаліся, што ў Беларусі ёсць Аршанскі АРЗ і туды патрабуюцца спецыялісты. Муж з'ездзіў на сумоўе, а пасля зацвярджэння яго кандыдатуры мы пераехалі ў Болбасава. Гэта быў 2018 год. Нам адразу далі пакой, а пасля будаўніцтва новага інтэрната — жыллё кватэрнага тыпу з мэбляй і рамонтам. Рыхтуемся да папаўнення ў сям'і, у сувязі з чым кіраўніцтва завода вылучыла прасторную арэндную двушку. Умовы для жыцця і працы ў Болбасава вельмі добрыя! Мы задаволены і заробкамі, і тым, як ператварылася пасёлак: з'явілася шмат новых крам, кафэ, дзіцячыя пляцоўкі. Спадзяёмся застацца тут назаўжды і атрымаць беларускае грамадзянства.



Горадаўтваральнае прадпрыемства, дзе працуе палова насельніцтва Болбасава, — Аршанскі авіярамонтны завод. Прамысловы гігант па капітальным рамонце і мадэрнізацыі самалётаў далёкай авіяцыі і верталётаў новае жыццё атрымаў толькі ў 2018 годзе, калі вярнуўся ва ўласнасць дзяржавы. Сёння гэта канкурэнтаздольнае і высокатэхналагічнае прадпрыемства, якое працуе на ўнутраным і знешнім рынку, мае партфель заказаў на рамонт верталётаў на гады наперад.

Займаецца кіраўніцтва і сацыяльнай сферай: 23 сем'і работнікаў прадпрыемства ўжо засяліліся ў завадскі інтэрнат кватэрнага тыпу. Пабудаваны спартыўна-аздараўленчы комплекс. На парадку дня — будаўніцтва шматкватэрнага дома для заводчан.



— Асаблівыя надзеі на выпускнікоў Аршанскага механіка-эканамічнага каледжа, якія вярнуліся на завод па мэтавым накіраванні, і Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. На прадпрыемстве кожны чацвёрты работнік не старэйшы за 31 год, — адзначае намеснік генеральнага дырэктара Васіль Чыркуноў. — Рабяты ідуць ахвотна: бачаць перспектывы кар'ернага росту, годнае заробкі, добры сацыяльны пакет. Дарэчы, сярэдні заробак на заводзе самы высокі ў Аршанскім раёне. Нямалаважны фактар — прадастаўленне ўсім прыбылым жылля з мэбляй і бытавой тэхнікай.



Выпускніца акадэміі авіяцыі Кацярына Мацулевіч родам з Полацка. Прыехала сюды па размеркаванні год таму тэхнікам-тэхнолагам. Кажа, што заўсёды цягацела да працы з тэхнікай, але пра тое, што будзе мець справу з верталётамі і іншымі паветранымі судамі, і марыць не магла:

— Калі даведалася, што размеркавалі на Аршанскі авіязавод, крыху спалохалася: знаёмыя расказалі, што ў пасёлку нічога няма, вакол лес, ніякай цывілізацыі. Але, прыехаўшы ў Болбасава, убачыла прыгожыя шматпавярховікі, роўныя дарогі, сучасную інфраструктуру.уру. Адным словам, тут ёсць усё, што трэба для жыцця. На заводзе таксама сустрэлі добра, выдзелілі ўтульны пакой у інтэрнаце, а калектыў цэха дапамог уліцца ў працэс і падтрымаў на першых часах. У планах паступіць на завочнае аддзяленне і павысіць кваліфікацыю. Пакідаць Болбасава пасля заканчэння размеркавання няма і думкі: калі задавальняе зарплата, умовы жыцця і ёсць перспектывы кар'ернага росту, навошта кудысьці з'язджаць? 


Яшчэ адно прадпрыемства, якое забяспечвае працоўныя месцы жыхарам, — аэрадром Орша. Дзякуючы транспартным магістралям і чыгунцы спецыяльная эканамічная зона стане цэнтрам транзітных грузаў, а Балбасава — найважнейшым правайдарам лагістычных паслуг. Ужо завершана рэканструкцыя ўзлётна-пасадачнай паласы шырынёй 60 метраў і даўжынёй крыху больш за 3 кіламетры. Некалькі дзён таму на аэрадроме Орша выкананы тэхнічны рэйс на самалёце Boeing 737-500 авіякампаніі «Белавія». А літаральна днямі на падставе яго вынікаў і рашэння сертыфікацыйнай камісіі Дэпартаментам па авіяцыі аэрадрому выдадзены сертыфікат прыдатнасці да эксплуатацыі. Плануецца, што ўзлётка будзе запатрабавана: на яе перанакіруюць патокі грузаў з Нацыянальнага аэрапорта. Узлётна-пасадачная паласа ў пасёлку — добрая падмога не толькі для Балбасава, але і для прамысловай лагістыкі ўсяго Аршанскага рэгіёна.