Збожжавыя культуры ў асабістых падсобных гаспадарках Віцебскай вобласці скасілі амаль на траціну
12 жніўня, Віцебск /Сяргей Качатоў - БЕЛТА/. Сельгаспрадпрыемствы ўсіх раёнаў Віцебскай вобласці аказваюць актыўную дапамогу асабістым падсобным гаспадаркам ва ўборцы збожжавых. Па даных на 12 жніўня, у гаспадарках насельніцтва скасілі 9 тыс.га, што складае каля 28% пасяўных плошчаў прыватнага сектара. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.
Усяго на прыватных падворках намалочана 19,3 тыс.т збожжа, сярэдняя ўраджайнасць складае 21,6 ц/га. У Лёзненскім раёне ўбрана ўжо 93,7% пасеваў, пры ўраджайнасці ў 25 ц/га тут намалочана 1,3 тыс.т. Гаспадаркі Докшыцкага і Дубровенскага раёнаў скасілі больш за 50% плошчаў прыватнага сектара, намалот склаў адпаведна амаль 2,2 тыс.т і больш за 870 т. Самую высокую ўраджайнасць у 32,4 ц/га паказваюць пакуль падворкі Аршанскага раёна, дзе намалочана звыш 3 тыс.т.
Па выніках 2009 года ў асабістых падсобных гаспадарках было намалочана больш за 114 тыс.т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 33,9 ц/га.
Акрамя таго, у прыватных падворках пасаджана агародніны на плошчы 8,2 тыс.га, пад бульбу выдзелена 41,7 тыс.га. Ва ўборцы гэтых культур гаспадаркі вобласці таксама гатовыя падтрымаць насельніцтва, прадаставіўшы тэхніку і коней.-0-