Пасля мадэрнізацыі на Аршанскім льнокамбінаце значна палепшыліся ўмовы працы - Леанід Анфімаў
Умовы працы на Аршанскім льнокамбінаце значна палепшыліся. Гэта адзначыў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў, размаўляючы з журналістамі пасля наведвання Аршанскага льнокамбіната.

"Тое, што было да пачатку мадэрнізацыі, і тое, што мы бачым цяпер, – гэта неба і зямля. І тэхналагічны, і тэхнічны стан прадпрыемства значна змяніўся ў лепшы бок. Тут ёсць на што паглядзець і чым ганарыцца. Не думаю, што на постсавецкай прасторы існуюць аналагічныя прадпрыемствы. Самае галоўнае – тут змяніліся ўмовы працы. Цяпер важна, каб фінансава-эканамічны стан адпавядаў тэхнічнаму і тэхналагічнаму ўзроўню камбіната", – сказаў Леанід Анфімаў.
Разам з тым ён адзначыў, што яшчэ існуе шмат нявырашаных праблем, якія перашкаджаюць эфектыўнай працы. "Перш за ўсё гэта звязана з пастаўкамі ільнавалакна нашымі заводамі. На жаль, пакуль не выконваецца даручэнне Прэзідэнта па забеспячэнні прадпрыемства неабходнай колькасцю сыравіны. Цяпер існуючы дэфіцыт, асабліва па доўгім валакне, даводзіцца закрываць за кошт імпартных закупак. Гэта абсалютна недапушчальна. Тое, што мы можам рабіць самі, не павінна купляць па імпарце за вялікія грошы", – перакананы кіраўнік кантрольнага ведамства.
Леанід Анфімаў пабываў у Сенне Віцебскай вобласці, дзе прыняў удзел у пасяджэнні райвыканкама і правёў асабісты прыём грамадзян. Акрамя таго, ён азнаёміўся з ходам мадэрнізацыі РУПТП "Аршанскі льнокамбінат".