Апошнія дасягненні ў галіне матэрыялазнаўства прадстаўлены на міжнародным сімпозіуме ў Віцебску

26 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Даследаванні і напрацоўкі, якія прадстаўлены на Міжнародным сімпозіуме "Перспектыўныя матэрыялы і тэхналогіі" у Віцебску, з'яўляюцца па сутнасці навуковым базісам для рэалізацыі беларуска-расійскай праграмы па прымяненні нанатэхналогій у аэракасмічным комплексе. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў акадэмік НАН Беларусі, акадэмік-сакратар Аддзялення фізіка-тэхнічных навук НАН доктар фізіка-матэматычных навук Сяргей Жданок перад адкрыццём канферэнцыі, якая праходзіць сёння ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Па яго словах, на найбліжэйшым пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы будзе разглядацца гэтая беларуска-расійская праграма. Таму невыпадкова канферэнцыя ў Віцебску папярэднічае маючаму адбыцца абмеркаванню. "Стварэнне такой сумеснай праграмы з'яўляецца працягам той працы ў галіне фундаментальных навук, якой мы займаемся ва ўзаемадзеянні з расійскімі вучонымі", - сказаў Сяргей Жданок. Новыя матэрыялы, якія сінтэзуюцца вучонымі, становяцца асновай для тэхнікі будучыні, у дадзеным выпадку для касмічных сістэм і інфраструктуры па даследаванні касмічнай прасторы, якія ўжо ствараюцца ў Беларусі. На канферэнцыі ў Віцебску будуць абмяркоўвацца таксама пытанні супрацоўніцтва ў гэтым напрамку, у прыватнасці з расійскімі вучонымі, дзе гэтая галіна мае дастаткова моцны патэнцыял, адзначыў Сяргей Жданок. Вучоныя прааналізуюць апошнія дасягненні ў галіне матэрыялазнаўства і тэхналогій, а таксама абазначаць новыя задачы, якія трэба будзе вырашаць разам у рамках адзінага навуковага працэсу. Праз гэтыя задачы ў навуцы стане магчымай распрацоўка новых матэрыялаў не толькі для рэальнага сектара эканомікі, але і ў прыватнасці для медыцыны - гэта новыя падыходы ў пратэзаванні, стварэнне медыцынскіх інструментаў, новых матэрыялаў для хірургіі, падкрэсліў Сяргей Жданок. Ідэі і напрацоўкі, якія прагучаць падчас пленарных пасяджэнняў, змогуць даць імпульс новым даследаванням у гэтай галіне, упэўнены ён. Удзел у віцебскім навуковым форуме буйных вучоных з 6 краін сведчыць аб велізарнай увазе ў свеце да пытанняў перспектыўных матэрыялаў і тэхналогій. Усяго ў традыцыйным навуковым форуме ўдзельнічаюць каля 100 вядучых вучоных і спецыялістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі і Малдовы. У ходзе сімпозіума будуць прадстаўлены вынікі тэарэтычных і эксперыментальных даследаванняў уплыву высокаэнергетычных уздзеянняў на трываласць і пластычнасць матэрыялаў, а таксама плануецца разгледзець шэраг найбольш актуальных напрамкаў матэрыялазнаўства і фізікі кандэнсаванага стану. Арганізатарамі сімпозіума, які завершыцца 29 мая, выступаюць Інстытут тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі і Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт пры падтрымцы Міждзяржаўнага каардынацыйнага савета па фізіцы трываласці і пластычнасці матэрыялаў краін СНД.-0-