Апошні акорд XIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" прагучыць сёння
У канцэрце ўрачыстага закрыцця фестывалю возьмуць удзел папулярныя выканаўцы з Беларусі, Расіі, Грузіі, Латвіі, Лацінскай Амерыкі.
15 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Апошні акорд XIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" прагучыць сёння ў Летнім амфітэатры, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У канцэрце ўрачыстага закрыцця фестывалю возьмуць удзел папулярныя выканаўцы з Беларусі, Расіі, Грузіі, Латвіі, Лацінскай Амерыкі: Сяргей Захараў, Ігар Карнялюк, Дзіма Білан, Валерыя, Пётр Дранга, Уладзімір Преснякоў, Наталля Падольская, праект Міхаіла Турэцкага "10 сапрана", Ніно Катамадзе, Раймонд Паўлс, гурт J-Морс, Руслан Алехна, а таксама пераможцы конкурсаў выканаўцаў эстраднай песні - дарослага і дзіцячага "Віцебск-2010".
І калі пераможца "маленькага "Славянскага базарчыка" вядомы - гэта Марыё з Румыніі, то імя ўладальніка галоўнай узнагароды дарослага спаборніцтва будзе агучана журы толькі за некалькі гадзін да фінальнага канцэрту.
Аднак перш чым у Летнім амфітэатры скажуць: "Да сустрэчы, фестываль!", "Славянскі базар" падорыць сваім гледачам некалькі прыемных сустрэч. Народны артыст Расіі Сяргей Захараў дасць сольны канцэрт у канцэртнай зале "Віцебск". На сцэне тэатра ім. Якуба Коласа Маскоўскі тэатр на Паўднёвым Захадзе будзе граць несмяротнага "Рэвізора" Гогаля.