Апошні званок для выпускнікоў Віцебскай вобласці прагучыць 30-31 мая

23 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Апошні званок для выпускнікоў Віцебскай вобласці прагучыць 30-31 мая, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Леанід Сцяпанаў. У навучальным годзе, які завяршаецца, сцены родных устаноў адукацыі назаўжды пакінуць каля 9 тыс. адзінаццацікласнікаў і 11,7 тыс. юнакоў і дзяўчат, якія атрымліваюць дыплом аб базавай адукацыі. Скончыўшы школу, рабяты адсвяткуюць 10-11 чэрвеня. Выпускныя балы будуць арганізаваны на базе навучальных устаноў і ўстаноў культуры. Праграмы яркіх святаў, якія сімвалізуюць атрыманне першага дыплома аб адукацыі, падрыхтаваны сумесна настаўнікамі і выпускнікамі. Яны ўключаюць шмат гумару, песень, добрых пажаданняў і поўную адсутнасць спіртных напояў, падкрэсліў Леанід Сцяпанаў. А ў верасні месцы за апусцелымі партамі зоймуць больш за 10 тыс. першакласнікаў. Масавая падрыхтоўка ўстаноў адукацыі вобласці да прыёму школьнікаў разгорнецца адразу пасля заканчэння навучальнага года.-0-