Дапаможнік для прадпрымальніка-інаватара стварылі ў Віцебску
Дапаможнік для прадпрымальніка-інаватара распрацавалі ў Віцебску, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар ААА "Віцебскі бізнес-цэнтр" Леанід Шур.
Даведачна-аналітычны дапаможнік уключае асноўныя паняцці прадпрымальніцтва і інавацый, пералік суб'ектаў дзелавой і інавацыйнай інфраструктуры, карысныя звесткі і рэкамендацыі. Ён прадстаўлены ў адкрытым доступе ў Інтэрнэце. Яго стваральнікі абяцаюць рэгулярна дапаўняць і абнаўляць інфармацыю ў сувязі са зменамі заканадаўства і фактычных абставін, а таксама выпусціць друкаваную версію.
Дапаможнік стаў вынікам праекта "Распрацоўка стратэгіі інавацыйнага развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Віцебска", які ААА "Віцебскі бізнес-цэнтр" ажыццявіў пры падтрымцы Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага ў 2012 годзе, Віцебскага гарвыканкама і ГА "Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў". У якасці асноўнай стратэгіі інавацыйнага развіцця прадпрымальніцтва Віцебска прапанавана стратэгія нарошчвання, якая грунтуецца на выкарыстанні ўласнага навуковага і дзелавога патэнцыялу рэгіёна з арыентацыяй на пераважна знешні попыт: экспарт інавацыйнай прадукцыі, вырабленай на аснове навуковых распрацовак.
На думку Леаніда Шура, у эканамічны слоўнік пара ўводзіць слова "прадпрынаватар". "Прадпрынаватар - гэта прадпрымальнік і інаватар у адной асобе. Прадпрымальнік можа стаць інаватарам. Інаватар можа стаць прадпрымальнікам. Прадпрымальнік і інаватар могуць супрацоўнічаць. Такія трансфармацыі павышаюць устойлівасць бізнесу і спрыяюць эканамічнаму росту рэгіёна", - перакананы суразмоўца.
У Дзяржаўную праграму інавацыйнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады па Віцебску ўключаны сем праектаў па стварэнні прадпрыемстваў і найважнейшых вытворчасцей, новых вытворчасцей на дзейных прадпрыемствах і мадэрнізацыі вытворчасцей на аснове ўкаранення новых і высокіх тэхналогій. У іх лік увайшлі будаўніцтва энергетычных установак, якія працуюць на біягазе, арганізацыя вытворчасці па выпуску аўтагідрапад'ёмнікаў з высокатрывалай сталі, вытворчасць аўтаматызаванага шматфункцыянальнага флуарэсцэнтнага аналізатара біялагічных клетак і тканін высокай дазвольнай здольнасці, арганізацыя сучаснага прадпрыемства па ўтылізацыі і перапрацоўцы цвёрдых камунальных адходаў.