Пасол Францыі не выключае магчымасці супрацоўніцтва французскіх і беларускіх машынабудаўнічых кампаній
7 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Францыі ў Беларусі Мішэль Рэнэры не выключае магчымасць супрацоўніцтва французскіх і беларускіх кампаній у машынабудаўнічай сферы. Аб гэтым ён заявіў сёння журналістам у Віцебску, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
"У ходзе сустрэчы дзяржаўнага сакратара па еўрапейскіх справах МЗС Францыі П'ера Лелюша з першым намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімірам Сямашкам сапраўды прагучала прапанова аб супрацоўніцтве ў машынабудаўнічай сферы. Пакуль нашы кампаніі разам не працавалі, але ўбачым, можа быць", - сказаў дыпламат.
Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец на сустрэчы з Мішэлем Рэнэры прапанаваў французскаму боку разгледзець магчымасць стварэння сумеснай вытворчасці па выпуску легкавых аўтамабіляў на базе Аршанскага інструментальнага завода. Віцебская вобласць таксама зацікаўлена ў супрацоўніцтве з французскімі кампаніямі па ўкараненні сучасных тэхналогій па перапрацоўцы кароткага ільновалокну, арганізацыі вытворчасці ільнаўборачнай тэхнікі. Віцебскія прадпрыемствы мяса-малочнай галіны зацікаўлены ў прыцягненні інвестараў для ўдзелу ў мадэрнізацыі абсталявання.
Віцебская вобласць увайшла ў еўрапейскі праект стварэння транспартнага маршруту "Зялёны калідор Усход-Захад", які павінен звязаць краіны Еўрасаюза з азіяцкімі дзяржавамі. У сувязі з гэтым для французскага капіталу могуць быць цікавыя праекты па стварэнні транспартна-лагістычных цэнтраў на базе аэрапортаў у Віцебску і Балбасава.
Імя Марка Шагала, які звязаў Віцебск і Парыж на сваіх карцінах, можа стаць аб'ядноўваючым для рэалізацыі сумесных праектаў у культурнай сферы. Напрыклад, у рэканструкцыі музея Марка Шагала могуць прыняць удзел французскія інвестары. Віцебскія мастацтвазнаўцы і музейныя работнікі прапануюць стварыць паўнавартасную базу даных аб дзейнасці Віцебскай мастацкай школы.
У кароткай размове з журналістамі Мішэль Рэнэры заўважыў, што зусім нядаўна ён перачытаў кнігу ўспамінаў Марка Шагала "Маё жыццё". Наведванне мастацкай галерэі і музея Марка Шагала з'яўляюцца часткай праграмы знаходжання пасла Францыі ў вобласці. Акрамя таго, дыпламат сустрэнецца з архіепіскапам Віцебскім Дзімітрыем, біскупам Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь Уладзіславам Блінам, выступіць перад вучнямі гімназіі і азнаёміцца з працай СЭЗ "Віцебск".
Тавараабарот Віцебскай вобласці з Францыяй у 2009 годзе склаў $25,7 млн. Прадпрыемствы вобласці экспартуюць грыбы, казеін, пагонныя вырабы, шклатканіну, торф і аптычныя прыборы. З французскімі домамі моды супрацоўнічае аршанская фірма "Світанак".-0-