Пасол Індыі: першы рэгіянальны візіт — у Віцебск

Посол Индии: первый региональный визит — в Витебск
На пашырэнні партнёрства ў эканоміцы, адукацыі і культуры прапанаваў засяродзіць намаганні Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь Алок Ранджан Джа сёння на сустрэчы са старшынёй аблвыканкама Мікалаем Шарснёвым.

У якасці новага кіраўніка дыпламатычнай місіі Індыі г-н Джа прыступіў да працы нядаўна і для першага рэгіянальнага візіту выбраў Віцебшчыну. Наша вобласць мае даўнія кантакты з паўднёваазіяцкай дзяржавай. Стварыліся трывалыя гандлёвыя адносіны, развіваецца супрацоўніцтва ў адукацыйнай сферы — больш за 20 гадоў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт навучае індыйскую моладзь. Як адзначыў Мікалай Шарснёў, важна не толькі ўмацоўваць узаемадзеянне ВДМУ з індыйскімі партнёрамі, але і пашыраць адукацыйныя кантакты па іншых напрамках.

Напрыклад, кіраўнік вобласці звярнуў увагу дыпламата на патэнцыял Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія гатовыя прапанаваць актуальныя для індыйскай эканомікі праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў. Што тычыцца эканамічнай сферы ў цэлым, то Віцебшчына зацікаўлена не толькі ва ўвялічэнні ўзаемнага таваразвароту, але і стварэнні супольных вытворчасцей, а таксама вытворчай кааперацыі. Для гэтага можна выкарыстоўваць патэнцыял СЭЗ «Віцебск», адміністрацыю якой дыпламат наведае падчас візіту 28 верасня.

Кіраўнік індыйскай дыпламатычнай місіі аддаў належнае прамысловым патэнцыялам Віцебшчыны, якая добра вядомая таксама як вядучы адукацыйны цэнтр, і падтрымаў ініцыятыву кіраўніка рэгіёна па ўключэнні ў арбіту двухбаковых сувязей іншых ВНУ рэгіёна. Што тычыцца эканомікі, то ён прапанаваў засяродзіць намаганні на рэалізацыі аднаго-двух праектаў у сферах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Іх паспяховае развіццё стане лепшай рэкламай для стымулявання прыходу на Віцебшчыну індыйскага бізнесу, упэўнены Алок Ранджан Джа.

Асобна індыйскі дыпламат спыніўся на развіцці кантактаў у галіне культуры. Ужо адбылося папярэдняе абмеркаванне ўдзелу прадстаўнікоў Індыі ў трох праектах сумесна з Гарадскім цэнтрам культуры абласнога цэнтра. Алок Ранджан Джа разлічвае, што індыйскія творчыя калектывы стануць пастаяннымі ўдзельнікамі міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску». Пры гэтым важна прасоўваць супрацоўніцтва і па іншых культурных ініцыятывах. Мікалай Шарснёў нагадаў аб велізарным патэнцыяле турыстычнай галіны. Завяршаючы сустрэчу, кіраўнік рэгіёна выказаў упэўненасць, што Алок Ранджан Джа часцей будзе бываць на Віцебшчыне, што дазволіць больш дэталёва прапрацаваць перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння.

"Віцебскія весці"