Амбасадар Кітая выказаў зацікаўленасць да праекта стварэння Парка высокіх тэхналогій у Віцебску
2 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пасол Кітая ў Беларусі Гун Цзяньвэй праявіў зацікаўленасць да праекта стварэння Парка высокіх тэхналогій у Віцебску. Пра гэта ён паведаміў сёння журналістам падчас наведвання Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах дыпламата, падчас сустрэчы напярэдадні са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Касінцам і сёння са старшынёй Віцебскага гарвыканкама Віктарам Мікалайкіным разглядаўся шэраг перспектыўных праектаў, якія можна рэалізаваць з удзелам кітайскіх інвестараў. "Мы таксама абмеркавалі пытанне стварэння Парка высокіх тэхналогій. Гэта цікавы праект і адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці ў Віцебску", - сказаў Гун Цзяньвэй, адзначыўшы, што, па яго разуменні, кітайскі бок дапаможа стварыць эфектыўную пляцоўку з добрымі ўмовамі, якая зможа прыцягнуць для далейшай дзейнасці як кітайскіх інвестараў, так і вядучыя кампаніі з іншых краін. "Мы створым добрыя ўмовы, прэферэнцыі, і яны самі прыйдуць інвеставаць", - падкрэсліў дыпламат.
Пасол нагадаў, што важны праект па стварэнні кітайска-беларускага індустрыяльнага парка плануецца рэалізаваць у Мінску. У цяперашні час ён знаходзіцца на стадыі падрыхтоўкі. "Праект закранае вельмі шмат сфер эканамічнай дзейнасці. Аднак у першую чаргу неабходна рэалізаваць праект высокіх тэхналогій, паколькі ён экалагічна чысты і закранае інтарэсы мясцовага насельніцтва", - дадаў Гун Цзяньвэй.
У заключэнне дыпламат адзначыў, што мэтай сваёй паездкі ў Віцебскую вобласць ён ставіў вывучэнне магчымасцей для далейшага прасоўвання дзелавых сувязяў паміж Кітаем і Беларуссю на рэгіянальнай аснове. "За 20 гадоў у нашых краін склаліся вельмі добрыя палітычныя адносіны. Наша супрацоўніцтва за гэты час вытрымала нямала выпрабаванняў ва ўмовах хутка зменлівай міжнароднай абстаноўкі, а Беларусь і Кітай сталі сапраўднымі сябрамі. Разам з тым неабходна шукаць далейшыя магчымасці для паглыблення двухбаковага супрацоўніцтва, асабліва ў эканамічнай сферы, паколькі пад нашы палітычныя адносіны трэба падвесці больш трывалы фундамент. У Кітая і Беларусі ёсць вялікі патэнцыял магчымасцей, якія яшчэ не да канца раскрыты, ёсць над чым працаваць", - сказаў пасол.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Беларусі Гун Цзяньвэй знаходзіцца ў Віцебскай вобласці з трохдзённай рабочай паездкай. Праграма знаходжання дыпламата ўключае сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых органаў улады Віцебска і Полацка, наведванне Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, прадпрыемстваў - рэзідэнтаў СЭЗ "Віцебск", Полацкага малочнага камбіната, удзел у фотавыставе КНР, прысвечанай 20-годдзю дыпламатычных адносін Кітая і Беларусі.-0-