Вектары супрацоўніцтва абмяркоўваліся падчас сустрэчы дыпмісіі Латвіі з прадстаўнікамі кіраўніцтва Віцебскай вобласці
– Віцебск – адзіны горад у Беларусі, які мае консульства Латвіі. Гэта падкрэслівае асаблівыя адносіны нашай краіны і вашага рэгіёну, якія я б назваў добрасуседскімі. У нас нават характары чымсьці падобныя, і гэта надае нашаму дыялогу даверлівы тон, – адзначыў пасол на афіцыйнай сустрэчы з кіраўніцтвам аблвыканкама.
Прывітаўшы госця, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін прывёў у прыклад прымаўку пра добрых суседзяў, якія бываюць бліжэй за сваякоў. Сапраўды, у Латвіі і Віцебшчыны даўнія сувязі. Гістарычна і тэрытарыяльна нашым народам прызначана жыць побач і сумесна вырашаць многія пытанні.
У ходзе размовы ў аблвыканкаме былі закрануты розныя тэмы, але ў першую чаргу гаворка ішла аб пашырэнні дзелавога супрацоўніцтва. Штогадовы аб'ём таваразвароту прадпрыемстваў Віцебскай вобласці з Латвіяй – каля 80 млн долараў. За студзень-верасень гэтага года ён склаў больш за 50 млн, прычым доля экспарту – 47,2 млн долараў.
Заходнім суседзям мы пастаўляем прадукцыю дрэваапрацоўкі, хімічныя злучэнні і нафтапрадукты, упаковачную тару з пластмас і поліэтылену, кабельную прадукцыю, а таксама тэкстыльныя, швейныя вырабы, абутак, будаўнічыя блокі, шклапластык і іншыя тавары. У бягучым годзе да экспартнага спісу дадаліся кандытарскія вырабы фабрыкі «Віцьба».
Асноўны аб'ём імпарту прыпадае на розныя кіслоты, палімерную сыравіну, фурнітуру і тканіны для пашыву адзення, нарыхтоўкі для абутку, лекавыя сродкі, патаку і сумесі для кармлення жывёл.
Аб'ём прамых замежных інвестыцый, паступіўшых ад латвійскіх інвестараў за студзень-верасень склаў 2,1 млн долараў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года гэта ў 3,5 раза больш. На тэрыторыі вобласці з удзелам латвійскага капіталу зарэгістравана 90 арганізацый у сферах гандлю, дрэваапрацоўкі, аўтатранспартных і паслуг па пашыве адзення, вытворчасці пластмасавых вырабаў для ўпакоўкі і інш.
Паміж раёнамі і гарадамі Віцебшчыны і латвійскімі самакіраваннямі заключана 33 пагадненні аб супрацоўніцтве. Віцебск, Наваполацк і Орша сталі пляцоўкамі для правядзення рэгулярных сустрэч гарадоў-пабрацімаў Латвіі і Беларусі, а таксама беларуска-латвійскіх бізнес-форумаў.
Больш за 25 гадоў дзейнічае буйное грамадскае аб'яднанне мясцовых органаў кіравання – Еўрарэгіён «Азёрны край», у які ўваходзяць 37 самакіраванняў Віцебскай вобласці, Латвіі і Літвы. У рамках праграмы «Літва – Латвія – Беларусь» рэалізуюцца праекты трансгранічнага супрацоўніцтва.
Цесныя кантакты наладжаны ў сферы турызму. На тэрыторыі вобласці дзейнічаюць 17 трансгранічных турыстычных маршрутаў з Латвійскай Рэспублікай, 14 з якіх распрацаваны ў рамках праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Бела Дзвіна», «Бела Дзвіна-2» і «Бела Кузіна». Усяго рэалізавана больш за 30 сумеснх праектаў – культурных, адукацыйных, спартыўных, турыстычных.
Гаворачы аб перспектывах развіцця дзелавых сувязяў, кіраўнік дыпламатычнай місіі прыярытэтным напрамкам назваў гандлёва-транспартную сферу. У прыватнасці, падзяліўся планамі Латвіі стварыць буйны лагістычны цэнтр на мяжы з Віцебскай вобласцю ў Патэрніках.
Свой візіт Эйнарс Сэманіс прымеркаваў да Дзён Латвіі, якія праходзяць у Віцебску. Сёння ён наведаў шэраг прадпрыемстваў абласнога цэнтра, а таксама прыняў удзел у адкрыцці выставы ў Арт-цэнтры Марка Шагала пад сімвалічнай назвай «Чатыры берагі адной ракі», на якой прадстаўлены працы латвійскіх і віцебскіх мастакоў. А заўтра будзе прысутнічаць на святочным канцэрце «Гучыць Латвія ў лістападзе» з удзелам Даўгаўпілскага аркестра акардэаністаў і салісткі Латвійскай Нацыянальнай оперы Ілоны Багеле.
У найбліжэйшых планах кіраўніка дыпмісіі – паездка 10 снежня ў Наваполацк.
"Віцебскія весці". Фота "Віцебскія весці" і "Віцьбічы".