Амбасадар Польшчы не выключае магчымасці пашырэння зоны спрошчанага перасячэння беларуска-польскай мяжы

25 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пасол Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін не выключае магчымасці пашырэння памежнай зоны, для жыхароў якой прадугледжаны спрошчаны парадак перасячэння беларуска-польскай мяжы ў адпаведнасці з міжурадавым пагадненнем аб правілах памежнага руху. Аб гэтым дыпламат заявіў сёння ў Віцебску журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА. "Гэта пагадненне рыхтавалася ў адпаведнасці з агульнымі прынцыпамі Еўрапейскага саюза, і пры наяўнасці добрага досведу яго рэалізацыі мы можам прапанаваць змяненне гэтых нормаў, у тым ліку па пашырэнні зоны да 50 км", - адзначыў Генрык Літвін. Сёння такая магчымасць прадугледжана толькі ў тых выпадках, калі ў 30-кіламетровую зону дзеяння пагаднення ўваходзіць большая частка тэрытарыяльна-адміністрацыйнай адзінкі - тады і астатняя частка ўключаецца ў такую зону. "Па беларуска-польскім пагадненні базавай адзінкай з'яўляюцца сельскі савет і гміна, а гэта, як правіла, невялікія тэрыторыі", - растлумачыў дыпламат. Пры гэтым важна, што з беларускага боку ў зону спрошчанага перасячэння мяжы ўвайшлі Гродна і Брэст, адзначыў ён. Міжурадавым беларуска-польскім пагадненнем аб правілах памежнага руху прадугледжаны спрошчаны парадак перасячэння беларуска-польскай мяжы жыхарамі памежных тэрыторый, якія пастаянна пражываюць на памежных тэрыторыях не менш як тры гады, і магчымасць знаходжання гэтых катэгорый грамадзян на памежных тэрыторыях да 90 дзён на працягу паўгода. Да памежных тэрыторый адносяцца прылеглыя да беларуска-польскай мяжы адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі Беларусі і Польшчы, якія ўваходзяць у зону да 30 км ад лініі мяжы.-0-