Пост ДАІ, свідравіну мінеральнай вады і маёнтак можна будзе набыць з аўкцыёнаў у Віцебскай вобласці
18 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Будынак былога паста ДАІ, сауну з басейнам, свідравіну мінеральнай вады і нават шляхецкую сядзібу можна будзе купіць у 2010 годзе з аўкцыёнаў у Віцебскай вобласці, расказала карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела аўкцыёнаў і конкурсаў Віцебскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці "Віцебскаблмаёмасць" Ларыса Шчаглова.
На продаж плануецца выставіць больш за 200 аб'ектаў невыкарыстоўванай дзяржаўнай маёмасці. Пачатковы кошт маёмасці ўстанаўліваецца ад адной базавай велічыні да Br4,2 млрд. за спецыялізаваны будынак для лячэбна-прафілактычных і санаторна-курортных мэт у Наваполацку. Пачатковы кошт будынка былога паста ДАІ на ажыўленай міжнароднай трасе ў Бешанковіцкім раёне ўстаноўлены ў памеры Br30 млн., буравой свідравіны мінеральнай вады глыбінёй 532 м у Гарадоцкім раёне - Br178 млн., а сядзібнага дома ў Мёрскім раёне - Br185,1 млн. Аднак значную колькасць аб'ектаў продажу складаюць былыя склады, будынкі майстэрняў, цэхаў, аб'екты ў ваенных гарадках.
Найбліжэйшыя таргі запланаваны на 18 сакавіка. Даты астатніх будуць прызначаны крыху пазней і размешчаны на афіцыйным сайце "Віцебскаблмаёмасці".
Паводле даных "Віцебскаблмаёмасці", у 2009 годзе фондам прададзена больш за 200 аб'ектаў нерухомасці (у тым ліку 159 - з устанаўленнем пачатковага кошту продажу, роўнага адной базавай велічыні), размешчаных на 114 зямельных участках, на суму Br5,4 млрд. У цэлым па вобласці ў 2009 годзе планавалася ўцягнуць у гаспадарчы абарот рознымі спосабамі 565 аб'ектаў камунальнай уласнасці, фактычна ўцягнута 579 аб'ектаў, што складае 102,5% гадавога задання.-0-