Пастаноўка па творы Я. Коласа стане першым спектаклем Рыда Таліпава на віцебскай сцэне

7 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Спектакль паводле твора Якуба Коласа стане першай пастаноўкай мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа Рыда Таліпава на новай пасадзе. Пра гэта ён паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА. Не раскрываючы назвы твора, Рыд Таліпаў прызнаўся, што заўсёды хацеў ажыццявіць пастаноўку "Сымона-музыкі" на віцебскай сцэне. "Гэта мара даўніх гадоў", - адзначыў суразмоўца. Закранаючы рэпертуар тэатра ў цэлым, Рыд Таліпаў падкрэсліў, што ён будзе ўключаць лепшыя драматургічныя творы беларускіх і замежных аўтараў, праблематыка якіх блізкая ўнутранаму свету сённяшняй публікі, будзе датычыцца вечных і надзённых пытанняў нашага жыцця. Пры гэтым фарміраванне пераліку запланаваных да ажыццяўлення пастановак будзе праводзіцца з улікам меркавання ўсяго калектыву тэатра. "Я абавязкова выслухаю пажаданні і меркаванні кожнага артыста, толькі такім чынам можна даць новы імпульс творчаму развіццю ўсёй трупы", - сказаў суразмоўца. Сёння пастаноўкі Рыда Таліпава ідуць у многіх тэатрах Беларусі, Расіі, Польшчы, Славеніі, Аўстрыі і Германіі. Ён з'яўляецца ўладальнікам найвышэйшых узнагарод на розных міжнародных тэатральных фестывалях, лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі за высокія дасягненні ў тэатральным мастацтве.-0-