Пастанова №991 забяспечвае адзіны парадак набыцця тавараў у пастаўшчыкоў-вытворцаў - Мінэканомікі

4 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пастанова Савета Міністраў Беларусі ад 28 ліпеня 2009 года №991 "Аб некаторых пытаннях набыцця тавараў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь" прынята ў мэтах забеспячэння ва ўмовах сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу адзінага парадку набыцця на тэрыторыі Беларусі тавараў у пастаўшчыкоў, якія з'яўляюцца вытворцамі тавараў, а таксама іх афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве эканомікі. Каментарый размешчаны на сайце Савета Міністраў. Паколькі экспартам прызнаецца рэалізацыя тавараў за межы Беларусі, гэтая пастанова не распаўсюджваецца на экспартуемыя тавары. Таксама пастанова не распаўсюджваецца на дзейнасць індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб. Тавары, набыццё якіх рэгулюецца іншымі, акрамя пастановы Савета Міністраў №991, прававымі актамі, набываюцца ў адпаведнасці з гэтымі прававымі актамі (напрыклад, металы, нафтапрадукты, алкагольная прадукцыя і г.д.). Набыццё тавараў у непасрэдных вытворцаў названай пастановай не абмяжоўваецца. Афіцыйным гандлёвым прадстаўніком з'яўляецца гаспадарчы суб'ект, які будуе свае ўзаемаадносіны з вытворцам тавараў на адпаведнай дагаворнай аснове. У адпаведнасці з названай пастановай у бліжэйшы час, па заявах афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў, рэспубліканскія органы дзяржкіравання, дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду, аблвыканкамы, Мінскі гарвыканкам і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі сфарміруюць пералікі афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў, дакументаў, якія пацвярджаюць іх статус і крытэрыі эканамічнай абгрунтаванасці набыцця тавараў у афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў. Адпаведная інфармацыя будзе размешчана на афіцыйных сайтах названых органаў і арганізацый. Дагаворы куплі-продажу (пастаўкі) тавараў, заключаныя і пачатыя выкананнем да 2 жніўня бягучага года, дзейнічаюць да заканчэння іх тэрміну без права падаўжэння. Зноў заключаемыя дагаворы куплі-продажу (пастаўкі) тавараў павінны адпавядаць пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №991.-0-