Пастаўскі малочны завод шукае інвестара для рэалізацыі праекта па стварэнні сыраробнай вытворчасці
7 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Пастаўскі малочны завод" мае намер рэалізаваць маштабны праект па стварэнні сыраробнай вытворчасці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Іван Юхно.
У прыватнасці, прадпрыемства плануе пабудаваць завод магутнасцю не менш як 30 т сыру ў суткі. Для стварэння высокатэхналагічнай вытворчасці спецыялісты Пастаўскага завода ўжо азнаёміліся з арганізацыяй работы на лепшых прадпрыемствах па выпуску сыроў у Беларусі, Украіне, Літве. "Цяпер абмяркоўваюцца варыянты стварэння будучага аб'екта, крыніцы фінансавання, вядзецца пошук замежных інвестараў, зацікаўленых у рэалізацыі праекта", - адзначыў кіраўнік.
Пастаўскі малочны завод выпускае плаўленыя, цвёрдыя і паўцвёрдыя сыры. Найбольшае прызнанне ў спажыўцоў заваявалі элітны сыр швейцарскай групы "Тызенгаўз", "Чэдэр-Бел" і сыр "Канталь" з масавай доляй тлушчу 30%, які адносіцца да групы для дыетычнага харчавання. "Разам з тым у агульным аб'ёме вытворчасці сыры ў цяперашні час займаюць каля 15%, таму гэта напрамак завод плануе актыўна развіваць", - дадаў Іван Юхно.
За студзень-красавік бягучага года завод выпусціў прадукцыі на Br15 млрд, што на 40% вышэй за аналагічны перыяд мінулага года. На экспарт у Расію і краіны далёкага замежжа пастаўлена малочных вырабаў на $1,1 млн.
Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці сыроў, цэльнамалочнай прадукцыі, казеіну, выпускае марозіва, маянэз - усяго больш за 40 найменняў прадукцыі. Агульная колькасць работнікаў складае 268 чалавек.-0-