Пастаўскі малочны завод у 2009 годзе павялічыў вытворчасць на 25,5%

18 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ААТ "Пастаўскі малочны завод" у 2009 годзе павялічыў аб'ём вытворчасці на 25,5%, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве. Нарашчэнне магутнасцей звязана з завяршэннем рэканструкцыі цэха суцэльнамалочнай прадукцыі. Работы на аб'екце праводзіліся з 2008 года па верасень 2009-га без прыпынку вытворчасці. Агульны аб'ём інвестыцый на гэтыя мэты склаў каля Br6 млрд. Вынікам маштабнай рэканструкцыі стала павелічэнне магутнасцей цэха суцэльнамалочнай прадукцыі завода на 45% да 17,5 тыс.т у год. Выйсці на гэты паказчык плануецца ў бягучым годзе. Аднак ужо па выніках мінулага года выпуск гэтай групы вырабаў вырас на 17% да ўзроўню 2008 года за кошт пашырэння асартыменту. Тэхнолагі прадпрыемства распрацавалі новую лінейку прадуктаў са зніжаным утрыманнем тлушчу пад гандлёвай маркай "Лёгка!". Яна ўключае малако і кефір з тлустасцю 1,5%, смятану з тлустасцю 16%, сталовы тварог з 2-працэнтным утрыманнем тлушчу. З'явіліся новыя віды ёгуртнага дэсерту "Разiнка". Да яго ўжо вядомых смакаў персіка, ванілі і клубніцы дадаліся клубніцы-банан, персік-маракуйя, чарэшня-ваніль і абрыкос. У найбліжэйшых планах завода па пашырэнні групы суцэльнамалочных вырабаў - асвоіць выпуск тоўленага малака і дыетычнага прадукту для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту пад назвай "Бiфi-мульт". Усяго па выніках мінулага года завод выпусціў прадукцыі на Br42 млрд. Спажывецкіх тавараў за гэты перыяд выраблена на Br31 млрд., што на 25,3% вышэй за ўзровень 2008 года. На экспарт пастаўлена малочных вырабаў на $7,7 млн. Пастаўкі ажыццяўляюцца ў Расію, Польшчу, Германію, Казахстан, Мексіку і ЗША. Завод заснаваны ў 1963 годзе, рэарганізаваны ў ААТ у 1998-м. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці сыроў, суцэльнамалочнай прадукцыі, казеіну, у невялікай колькасці выпускае марозіва, маянэз - усяго больш за 40 найменняў прадукцыі. Група суцэльнамалочнай прадукцыі налічвае ў цяперашні час каля 20 відаў. Агульная колькасць работнікаў складае звыш 250 чалавек.-0-