Пастаўскі і Талачынскі раёны змянілі свае межы дзеля тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў

18 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Гарады Паставы і Талачын змянілі свае межы дзеля тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Рашэнне аб змяненні межаў горада Паставы і Шыркавецкага сельсавета Пастаўскага раёна і горада Талачын і Талачынскага сельсавета прынята сёння на сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Плошча Пастаў і Талачына павялічылася на 30,23 га і 67 га адпаведна. Неабходнасць прыняцця гэтага рашэння прадыктавана інтарэсамі людзей, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і жадае пабудаваць індывідуальныя жылыя дамы. Так, у Паставах у жыллёвай чарзе стаіць 1640 сем'яў. Дзякуючы прынятаму рашэнню ў горадзе будзе сфарміравана 200 новых зямельных участкаў для індывідуальных забудоўшчыкаў. У бягучым годзе мясцовыя ўлады плануюць завяршыць будаўніцтва аб'ектаў інжынернай інфраструктуры па кварталах індывідуальнай забудовы. Дзякуючы пашырэнню межаў Талачына будзе дадаткова створана 300 зямельных участкаў для індывідуальнага будаўніцтва, што дазволіць задаволіць патрэбы ўсіх жадаючых пабудаваць індывідуальны жылы дом. У чарзе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у Талачыне, стаіць 816 грамадзян. У 2010 годзе ў Віцебскай вобласці неабходна пабудаваць і ўвесці ў эксплуатацыю 850 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля. Не менш за 80% усяго жылья, што будуецца ў гарадах, неабходна пабудаваць для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. -0-