Пацярпелым ад тэракту жыхарам Віцебскай вобласці будзе аказана матэрыяльная дапамога да 100 базавых велічынь
16 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БелТА/. Пацярпелым ад тэракту ў мінскім метро жыхарам Віцебскай вобласці будзе аказана матэрыяльная дапамога і ўсебаковая падтрымка. Пра гэта сёння журналістам паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец.
Пяцёра жыхароў Віцебскай вобласці атрымалі раненні і знаходзяцца ў бальніцах Мінска. У залежнасці ад цяжкасці траўм ім будзе аказана матэрыяльная дапамога ў памеры ад 40 да 100 базавых велічынь (базавая велічыня складае Br35 тыс. - Заўвага. БелТА). Акрамя таго, у Віцебскай вобласці будзе адкрыты асобны рахунак для збору сродкаў ахвярам тэракту.
"Тое, што здарылася ў мінскім метро 11 красавіка - гэта трагедыя і боль для ўсёй краіны, для кожнага беларуса. Злачынцы павінны панесці жорсткае пакаранне", - лічыць Аляксандр Косінец.-0-