Паступленні падаткаў у бюджэт Віцебскай вобласці ад плацельшчыкаў па спрошчанай сістэме выраслі на 25%
10 ліпеня, Віцебск /Сяргей Качавет - БЕЛТА/. Плацельшчыкі Віцебскай вобласці, якія прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання, выплацілі ў бюджэт за студзень-чэрвень бягучага года каля Br18 млрд, што на 25% перавышае паказчык аналагічнага перыяду мінулага года. Усяго ў вобласці такую сістэму прымяняюць больш за 7,5 тыс. суб'ектаў гаспадарання і індывідуальных прадпрымальнікаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці Таццяна Мясаедава.
Яшчэ адной станоўчай тэндэнцыяй бягучага года з'яўляецца рост амаль у 2 разы паступленняў у бюджэт ад прыватных унітарных прадпрыемстваў. За шэсць месяцаў гэтая катэгорыя плацельшчыкаў выплаціла ў бюджэт каля Br10 млрд, хоць іх колькасць скарацілася на 178 прадпрыемстваў да 1,7 тыс. суб'ектаў гаспадарання ў параўнанні з першым паўгоддзем 2008 года.
Усяго даходы кансалідаванага бюджэту Віцебскай вобласці ў першым паўгоддзі склалі звыш Br1,8 трлн, або 101,4% да плана, пры гэтым звыш плана ў бюджэт прыцягнута Br25,5 млрд. У рэспубліканскі бюджэт паступіла звыш Br1 трлн, што складае 103,3% да плана, у мясцовы бюджэт - каля Br840 млрд (99,1%). Практычна ўсе раёны вобласці забяспечылі выкананне плана па паступленні даходаў, адзначыла Таццяна Мясаедава.
У структуры даходаў найбольшая доля паступленняў прыпадае на дзяржаўныя прадпрыемствы і арганізацыі - імі сфармавана 86,5% даходнай часткі бюджэту вобласці. Камерцыйныя структуры забяспечылі паступленне 10% даходаў, індывідуальныя прадпрымальнікі - 2,2%, фізічныя асобы - 1,3%.
Па дадзеных на 1 ліпеня, запазычанасць суб'ектаў гаспадарання Віцебскай вобласці па плацяжах у бюджэт склала Br28,4 млрд і скарацілася на Br4,2 млрд у параўнанні з пачаткам года. У парадку прыняцця мер прымусовага спагнання падатковыя органы вобласці ліквідавалі недаімку бюджэту на суму Br50 млрд, што склала каля 3% ад агульных паступленняў даходаў. За апошнія паўтара года ў вобласці працэнт прымусовага спагнання даўгоў скараціўся амаль у 3 разы, што сведчыць аб высокім узроўні падатковай дысцыпліны плацельшчыкаў, адзначыла Таццяна Мясаедава.
Усяго ў фарміраванні даходнай часткі кансалідаванага бюджэту вобласці прымаюць удзел амаль 454 тыс. плацельшчыкаў, у тым ліку звыш 15 тыс. юрыдычных асоб, амаль 30 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама каля 410 тыс. фізічных асоб.-0-