Паступленні падаткаў у бюджэт Віцебскай вобласці ад суб'ектаў малога прадпрымальніцтва выраслі на 10%
27 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Суб'екты малога прадпрымальніцтва Віцебскай вобласці ў студзені-верасня бягучага года заплацілі ў кансалідаваны бюджэт вобласці амаль Br232 млрд., што на 10% перавышае даныя ў супастаўных цэнах за аналагічны перыяд мінулага года. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці.
Усяго ў вобласці ажыццяўляюць дзейнасць больш за 7,1 тыс. суб'ектаў малога прадпрымальніцтва, іх колькасць вырасла на 21% у параўнанні з данымі за 9 месяцаў мінулага года. Станоўчай тэндэнцыяй гэтага года таксама з'яўляецца актыўнае прымяненне суб'ектамі гаспадарання спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. Паводле даных на 1 кастрычніка, па такой сістэме працуюць амаль 8 тыс. юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Паступленні падаткаў у бюджэт ад гэтай катэгорыі плацельшчыкаў у студзені-верасня склалі Br33,2 млрд. і павялічыліся ў 2,2 раза ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Акрамя таго, у вобласці вырасла больш чым у 1,5 раза (да 568) колькасць фізічных асоб, якія ажыццяўляюць рамесную дзейнасць. За 9 месяцаў імі заплачана ў бюджэт Br15,5 млн. Грамадзяне таксама актыўна легалізуюць дзейнасць, звязаную са здачай жылля ў наём. Усяго такую дзейнасць ажыццяўляюць амаль 6,3 тыс. жыхароў вобласці, іх колькасць вырасла больш чым на траціну ў параўнанні з данымі за 9 месяцаў мінулага года, а паступленні падатковых плацяжоў ад гэтай катэгорыі плацельшчыкаў павялічыліся ў 1,5 раза і склалі Br737 млн.
Усяго даходы кансалідаванага бюджэту Віцебскай вобласці за 9 месяцаў 2009 года склалі звыш Br2,9 трлн., або 101,9% да плана, пры гэтым звыш плана ў бюджэт прыцягнута Br55,4 млрд. У рэспубліканскі бюджэт паступіла амаль Br1,7 трлн., што складае 104,1% да плана, у мясцовы бюджэт - каля Br1,3 трлн (99,2%).
Асноўнымі даходнымі крыніцамі бюджэту вобласці з'яўляюцца акцызы - іх удзельная вага ў агульным аб'ёме паступленняў склала 28,3% (паступіла Br838,3 млрд.), а таксама ПДВ (20,3%, Br600,9 млрд.), падаходны падатак (10,9%, Br321,5 млрд.) і падатак на прыбытак (7,7%, Br227,4 млрд.). У структуры даходаў найбольшая доля паступленняў прыпадае на плацельшчыкаў Наваполацка - імі сфарміравана 48,6% даходнай часткі бюджэту вобласці, а таксама Віцебска (31,1%) і Оршы (3,9%).
Паводле даных на 1 кастрычніка, запазычанасць суб'ектаў гаспадарання вобласці па плацяжах у бюджэт склала Br26,5 млрд. і скарацілася на Br6,1 млрд. у параўнанні з пачаткам года. Амаль траціна ад агульнай сумы доўгу прыпадае на плацельшчыкаў Докшыцкага (Br3,6 млрд.) і Браслаўскага (Br3,3 млрд.) раёнаў. Суб'екты гаспадарання Верхнядзвінскага раёна і Наваполацка не маюць запазычанасці перад бюджэтам.
Усяго ў фарміраванні даходнай часткі кансалідаванага бюджэту вобласці прымаюць удзел звыш 460 тыс. плацельшчыкаў, у тым ліку больш за 15 тыс. юрыдычных асоб, амаль 30 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў.-0-